Уладзіслаў Гарбацкі, палітолаг і выкладчык Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні, ужо некалькі разоў быў госцем Скарынаўскай бібліятэкі і беларускай супольнасці ў Лондане. Падчас яго чарговага прыезду ён распавёў, якія нагоды прыводзяць яго ў Лондан.
Першыя разы, калі я прыязджаў, мне Скарынаўка была цікавая сваім выдатным зборам мастацкай літаратуры дыяспары. У Беларусі атрымаць доступ да такога поўнага збору немагчыма. Гісторыкі і літаратуразнаўцы спрабуюць увесці гэтую спадчыну ў больш шырокі ўжытак, але збольшага сітуацыя застаецца ранейшай: расійская літаратура ўсюды, а творы суайчыннікаў даводзіцца шукаць у далёкіх мясцінах.
Гэтым жа разам – яно можа падацца дзіўным спачатку, – я прыехаў у Лондан займацца франкамоўнымі тэкстамі пра Беларусь. На гэтую тэму я выйшаў амаль выпадкова. Хоць я сам франкамоўны і даўно цікаўлюся беларуска-французскімі адносінамі, я не думаў, што ёсць так шмат матэрыялаў на гэтую тэму, асабліва ў яе гістарычнай перспектыве. Многія, безумоўна, чулі пра Perspectives Biélorussiennes (“Беларускія перспектывы”) – сучасны беларусазнаўчы праект, які ствараецца франкамоўнымі аўтарамі. Але вось аказваецца, што і сто гадоў таму былі такія даследчыкі – французы і бельгійцы. Я ўжо сабраў хіба ўсё, што ёсць у асноўным кнігасхове Скарынаўкі і яе раздзеле перыёдыкі.
Франкамоўнай беларусістыцы больш за стагоддзе
У XIX і, яшчэ па інерцыі, першай палове XX стагоддзя французская мова была моднай і шырока ўжыванай, мовай дыпламатыі і пісьменства. Гэта тлумачыць, чаму большасць франкамоўных выданняў у Скарынаўцы паходзіць з таго перыяду. Каб быць пачутымі, беларусы мусілі пісаць па-французску і перакладаць на гэтую мову, напрыклад, “Пра нацыянальнае пытанне” Доўнар-Запольскага. Цікавыя, канечне, і даследаванні літоўскіх аўтараў, напісаных у тую самую эпоху па-французску: яны таксама хацелі быць пачутымі. Яны спрачаліся, літоўскі і беларускі нацыянальныя падыходы сутыкаліся, таксама як польскі і расійскі.
Усё гэта ёсць тут, у Беларускай бібліятэцы ў Лондане. Калі бачыш усе гэтыя тэксты разам, то пачынаеш разумець, што яны трапілі ў бібліятэку невыпадкова. Нехта паслядоўна збіраў такія матэрыялы, і гэты нехта добра арыентаваўся ў франкамоўнай беларусістыцы таго часу. Падобна, што частка матэрыялаў была сабраная Львом Гарошкам і перавезеная з Францыі. Іншая частка артыкулаў знаходзіцца ў архіўных папках беларускай дыяспары Бельгіі. Там, у Лёвене (ці Лувене, на французскі лад), былі адзін час нашыя студэнты. Тыя матэрыялы дагэтуль як след не апісаныя і не даследаваныя. Франкамоўны фонд тут багацейшы нават за зборы Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску, як ні парадаксальна. Яно і зразумела: у свой час французская і бельгійская дыяспары даверылі ўласную спадчыну Скарынаўцы.
Я натрапіў у бібліятэцы на не вядомую мне раней невялікую французскую калекцыю. Яе больш правільна назваць калекцыяй франкамоўнай беларусістыкі – там творы французскіх, бельгійскіх і канадскіх аўтараў, ёсць некалькі швейцарскіх адзінак. Гэта адкрыццё разбіла пэўныя мае стэрэатыпы, кшталту таго, што французы і бельгійцы толькі нядаўна пачалі цікавіцца Беларуссю. Няпраўда: ёсць шэраг важных тэкстаў, якія дагэтуль не перакладзеныя на нашую мову, вядомыя, бадай, толькі вузкаму колу спецыялістаў на Беларусі, а, некаторыя, імаверна, і зусім невядомыя. Прыкладам, французскі лінгвіст, русіст і паланіст, які пазней заняўся беларускай тэматыкай, Антуан Мартэль. Яго тэкст пра польскую мову ў Рэчы Паспалітай і Вялікім Княстве Літоўскім цікавы тым, што прапануе арыгінальны адказ на пытанне, чаму заняпала старабеларуская мова. Дасюль мы спрачаемся – беларусы, літоўцы, палякі... Але вось быў спецыяліст звонку, чалавек менш заангажаваны, і ён спрабуе адказаць і робіць гэта, на маю думку, вельмі слушна і пераканаўча. Лінгвісты з Беларусі дагэтуль часам едуць у Варшаву, каб чытаць гэты тэкст па-польску (палякі пераклалі і выдалі яго адразу ж, у канцы 1930-х), робяць копіі ўрыўкаў.
Ці, напрыклад, гісторык і паланіст Амбруаз Жамбэр: ён таксама выйшаў на беларускую тэму і зрабіў невялікае, але адметнае даследаванне “Беларускае пытанне”. А яшчэ Рэнэ Мартэль (ён нічога агульнага не меў з Антуанам Мартэлем) – палітык і гісторык, некаторыя свае даследаванні ён прысвяціў беларускай тэме.
Як Леў Гарошка перамог французскае міністэрства
У архіўных скрынях і папках прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Бельгіі і Францыі можна лёгка натрапіць на невядомыя старонкі гісторыі. Узяць, напрыклад, перапіску Льва Гарошкі з французскімі ўладамі. Апошнія два дні я ў захапленні чытаў яго ліставанне з міністэрствамі. У 1970 годзе, пад ціскам Савецкага Саюза, я так мяркую, французскае Міністэрства замежных справаў адмовілася ўжываць панятак “беларускага паходжання” да імігрантаў. Яны сталі абмяжоўвацца толькі “расійскім паходжаннем” і “польскім паходжаннем”, чамусьці гэта датычыла толькі беларусаў. Леў Гарошка і іншыя прадстаўнікі дыяспары распачалі тады цэлую кампанію. Яны зрабілі калектыўны збор подпісаў і пратэставалі індывідуальна. У сваіх лістах нашыя суайчыннікі абгрунтоўвалі свой выбар на карысць беларускага паходжання, спасылаліся на законы самой Французскай рэспублікі. Яны вельмі добра ведалі французскую рэчаіснасць, заканадаўства і практыкі папярэдніх дзесяцігоддзяў. Яны спрабавалі абапірацца ў тым ліку і на рэлігійныя структуры, бо разлічвалі, што Каталіцкая Царква, наогул заклапочаная камуністычным пераследам, можа дапамагчы. У іх атрымалася: французская царква і ватыканскія структуры далучылася да іх кампаніі тады. І беларусы перамаглі! Ім адказалі, міністэрства прынесла прабачэнні. Гэта вельмі важная калекцыя дакументаў, якая сведчыць пра змаганне за сваю ідэнтычнасць. Шмат ужо напісана, што Леў Гарошка прыклаў багата намаганняў, каб у Ватыкане ведалі пра беларускую нацыю, а вось адкрываецца новы цікавы бок яго дзейнасці.
Поўныя нечаканасцяў архівы
Пераглядаючы архіўныя папкі Льва Гарошкі, я натрапіў на мастацкі тэкст, напісаны беларусам ці беларускай з дыяспары. Разам з іншымі даследчыкамі мы цяпер высвятляем аўтарства твора. Там стаіць псеўданім N.Niva і іншы псеўданім ці сапраўднае імя, але старанна закрэсленае. Гэта цікавы і важны тэкст – першы мастацкі твор, напісаны па-французску беларусам. Мова там вельмі добрая, дарэчы. Сюжэт крыху схематычны і часам прадказальны, але сацыяльны і заангажаваны, ён паказвае пакуты беларуса, які ўцёк на захад. Аўтар параўноўвае жыццё на захадзе і ў Савецкім Саюзе, прыпамінае час у Нямеччыне. Кур’ёзны тэкст, вельмі важны.
І гэта яшчэ не ўсё, калі казаць пра дагэтуль не ўведзенае ў акадэмічны ўжытак. Да самага апошняга часу не было значных беларускіх выданняў па-французску. Былі спробы, але ў выніку яны ўсе ператварыліся ў часопісы, газеты й бюлетэні па-беларуску. Але вось такая кур’ёзная з’ява: беларусы выкарыстоўвалі франкамоўную прэсу, якая існавала і без іх – Journal Officiel, напрыклад. Гэта звычайна былі выданні цэнтрысцкага характару, без прапольскіх ці расійскіх сантыментаў. Такіх артыкулаў мала, але, можа, іх проста мала яшчэ вядома? Пытанне да даследчыкаў, якім варта будзе папрацаваць са старой французскай прэсай. Таксама беларусы друкаваліся ў франкамоўных выданнях іншых нацыянальных супольнасцяў – грузінаў, палякаў, украінцаў. Нечаканай знаходкай у Скарынаўцы была падшыўка газеты La Nation géorgienne (“Грузінская нацыя”). Кожную другую старонку газеты рэдактары аддавалі беларусам, а трэцюю – украінцам. У яе быў даволі вялікі наклад, яе чыталі і ў Бельгіі, і ў Швейцарыі, і ў Канадзе. Падобна, што беларусы там друкаваліся ў 60-я і 70-я гады. Там з’яўляліся і палітычныя, і культуразнаўчыя матэрыялы. Адозвы і заклікі Міхася Наўмовіча заслугоўваюць асобнай увагі. Ён добра валодаў французскай мовай і актыўна гэтым карыстаўся. Беларусы даводзілі сваё права называцца Biélarussien ці Bélarussien і называць краіну па-французску le Bélarus (а не la Biélorussie ці la Russie Blanche) – ужо ў тыя гады змагаліся за тое, чаго мы дагэтуль яшчэ не дамагліся. У тых публікацыях таксама цікава пабачыць, як беларуская дыяспара адгукалася на падзеі ў Чэхаславакіі ў 1968 г., у Венгрыі і пад.
Патрэбны слоўнік, каб нас разумелі і цікавіліся намі
Мае ранейшыя прыезды ў Лондан былі звязаныя з падрыхтоўкай беларуска-французскага слоўніка. Праца яшчэ не скончаная, але памысна прасоўваецца. У ідэале ён мусіў бы рыхтавацца вялікім калектывам, акадэмічнай установай. Праз адсутнасць такога калектыву я сам узяўся за працу, цяпер падключылася Караліна Мацкевіч з Лондана. Нас два чалавекі – і карэктары, і рэдактары абедзвюх моўных частак. Таксама а. Надсан меў пэўнае дачыненне: ён часта хадзіў побач, калі мы з Каралінай працавалі над слоўнікам, і калі ў нас былі нейкія сумненні, то мы яго спынялі, каб параіцца. Ён усе тыя сумненні здымаў – яго веданне і беларускай, і французскай было дасканалым.
Мне заўсёды было цікава, чаму такі слоўнік не з’явіўся раней, да нас, бо было ж багата беларусаў і ў Францыі, і ў Бельгіі, і ў Канадзе, у тым ліку прафесійныя лінгвісты. Адсутнасцю слоўніка часткова тлумачыцца няведанне Беларусі на франкамоўным захадзе. Калі глядзіш на досвед іншых нацыяў, тых жа літоўцаў ці палякаў, то бачыш, што першай справай яны ствараюць першасны падмурак для перакладаў. Але не беларусы. І ў гэтым – адна са слабасцяў нашага руху. Зразумела, чаму за савецкім часам не з’яўляліся слоўнікі ў Беларусі – не было зацікаўленасці і патрэбы, дый слоўнікі – гэта ключ да большае свабоды, доступ да якой жорстка кантраляваўся. Даць доступ да іншых моваў без пасярэдніцтва расійскай значыла б у значнай ступені страціць той кантроль. Але ж была яшчэ эміграцыя... Мы самі павінныя паклапаціцца, каб франкамоўныя даследчыкі маглі займацца беларусістыкай і не абапірацца для гэтага на расійскую мову.
Дагэтуль жа пераклады на французскую у асноўным рабіліся з расійскай. Толькі адзінкі, як Віржынія Шыманец, працуюць з беларускімі тэкстамі. Творы Васіля Быкава, Янкі Брыля, іншых перакладаліся з расійскай. І такая заганная практыка цягнецца дагэтуль. Ёсць франкамоўныя студэнты, якія хочуць вывучаць беларускую мову ў рамках сваіх універсітэцкіх праграмаў, але яны сутыкаюцца з элементарнай адсутнасцю падставовых сродкаў для гэтага, у т.л. слоўніка.
Бібліятэка ў Лондане захавала страчанае ў Беларусі
Пераклады з французскай на беларускую – таксама цікавая тэма. У Скарынаўцы захаваліся тэксты, якія выходзілі да Другой сусветнай вайны. У Беларусі іх амаль не дастаць, мо толькі ў Нацыянальнай бібліятэцы знойдуцца адзінкавыя асобнікі. (І тут зразумелым робіцца, чаму беларуская бібліятэка ў Лондане была і застаецца патрэбнай: яна захавала тое, што ў Беларусі было страчана.) Той жа Барбюс, Труая – тэксты, якія перакладаліся наўпрост з французскай. У вас ёсць фрагментарныя падшыўкі даваеннай “Чырвонай Беларусі”, якая публікавала пераклады французскіх і бельгійскіх аўтараў. Многія з гэтых перакладаў сёння забытыя. У мяне былі выпадкі, калі сябры і сяброўкі браліся за пераклады таго, што ўжо колісь з’яўлялася па-беларуску. Яны былі ў шоку, расчараваныя, калі даведваліся што ўжо ёсць старыя і добра зробленыя пераклады.
Знаходкі, прыгаданыя вышэй, – сведчанне пра цэлыя недаследаваныя пласты беларусазнаўства, якія вашая бібліятэка яшчэ дапаможа адкрыць. Сапраўдныя даследчыкі, якія ўмеюць шукаць, не расчаруюцца тут. Праблема, канечне, што бібліятэка ў далёкім Лондане, але абавязкова будуць тыя, хто зможа і сюды дабрацца.
Скарынаўка – гэта перадусім праект дыяспары, і яна патрэбная тут цяпер гэтак жа моцна, як і сорак гадоў таму, калі пачынала сваё існаванне. Гэта ўсё збіралася дзесяцігоддзямі, сіламі і на сродкі выгнанцаў з Беларусі. Гэта будзе кансалідаваць вас і на будучыню. Скарынаўка стварае ўнікальны культурніцкі аспект беларускай прысутнасці ў Брытаніі.
Таксама важна, каб была альтэрнатыўная пляцоўка па-за Беларуссю – база, адкрытая на самыя розныя, у т.л. маргінальныя, праявы беларускага жыцця. Той факт, што тут захаваліся матэрыялы, страчаныя або маладаступныя ў Беларусі, – выразны доказ гэтага. Канечне, і ў Беларусі робяцца намаганні ствараць установы па-за палітыкай і ідэалогіяй, але гэта не даецца лёгка і многае не атрымліваецца. Таму рабіце, не спыняйцеся.
Запісаў Ігар Іваноў,
Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны