27-28 чэрвеня, у адну з самых кароткіх летніх начэй, актывісты Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага як заўсёды шырока адзначылі сваё самае маштабнае свята - Купалле.
Нягледзячы на тое што мы штогод праводзім Купалле ўжо амаль дваццаць гадоў запар, сёлета многае на нашым свяце было ўпершыню.
Упершыню свята адбылося на зусім новым месцы - на маляўнічым беразе Іркута, з усіх бакоў аточанага лесам і вадой. У адрозненне ад Ангары, у якой цячэ халодная байкальская вада, Іркут бярэ свой пачатак у Саянскіх гарах, і вада ў ім вельмі цёплая.
Упершыню ў нашым купальскім абрадзе з'явілася яшчэ адно надзвычай цікавае дзеянне - гатаванне на вогнішчы традыцыйнага беларускага сыру. Гэты вопыт мы перанялі ў нашых аднадумцаў з Беларусі - Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Сыр - не толькі найважнейшы прадукт у рацыёне беларусаў, але і сімвал дзявочай чысціні, шлюбнай вернасці, сумленнасці і высакароднасці, белы сыр вельмі часта згадваецца ў мностве беларускіх народных песень, у тым ліку і купальскіх. Наш сыр атрымаўся на славу, і ў наступным годзе мы, безумоўна, паўторым наш эксперымент. Выказваем асобную падзяку Насці Глушко.
Упершыню для шматлікіх дзетак, якіх бацькі бяруць з сабой на свята, мы арганізавалі асобны куток - падвесілі на дрэве арэлі, збудавалі драўлянага "каня", абматалі папараццю - дзецям сумаваць не было калі!
Трохі змяніўся і сам фармат свята. Раней на месца правядзення з раніцы прыязджала толькі група хлопцаў, якія займаліся падрыхтоўкай вогнішча, а асноўны актыў і госці прыбывалі толькі да дзевяці гадзін вечара, а ў шэсць раніцы ўжо адпраўляліся назад у горад. Цяпер жа з раніцы амаль у поўным складзе прыязджае ўвесь актыў беларускай дыяспары Іркуцка, і празаічная падрыхтоўка месца да свята ператвараецца ў цікавыя сяброўскія зносіны. Госці, як і раней, прыбываюць вечарам і з'язджаюць рана раніцай. Такі падыход да падрыхтоўкі свята быў упершыню намі апрабаваны яшчэ летась, усім спадабалася.
Таксама з мінулага года мы будуем яшчэ адзін прыгожы элемент абраду - браму, сплеценую з галін і траў, праз якую праходзяць усе ўдзельнікі свята, падыходзячы да нашай паляны.
Нягледзячы на амаль дваццацігадовую гісторыю нашай дзейнасці ў Прыбайкаллі, мы не вычарпалі свой патэнцыял, і мы не толькі імкнемся захаваць той сцэнар купальскіх абрадаў, які ў нас склаўся, але і знаходзім магчымасці яго ўзбагаціць і разнастаіць.