Юбілей беларускага школьніцтва ў Беластоку

Урачыстым з’ездам выпускнікоў 23 чэрвеня адсвяткуе 20-годдзе ўзнікнення беларускіх групаў дзіцячы садок № 14 у Беластоку. Пра гэты юбілей ужо была інфармацыя, пасля святкавання таксама будзем казаць пра яго. А цяпер хочацца прыгадаць, як усё пачыналася 20 гадоў таму. І з гэтай нагоды госцяй нашай студыі з’яўляецца Барбара Пякарская, якая была ля вытокаў гэтага дзіцячага садка.

РР: Як усё пачалося? Што было? Барбара Пякарская: 20 гадоў таму нічога не было, а ў нас былі малыя дзеці. І якраз тады наша сям’я з сям’ёй Каліны Юркі і Міраславы былі ў Гарадку ў гасцях, дзе таксама нарадзілася дзіця. І мы, “свежыя” бацькі, былі на ўздыме і думалі, што ж рабіць далей: як выхоўваць нашых дзяцей, што мы можам для іх зрабіць, каб яны, апрача добрай адукацыі, атрымалі магчымасць вучыць беларускую мову і культуру, песні і вершы, развівацца ў гэтым рэчышчы. І тады мы, маладыя і бадзёрыя, вырашылі, што можна было б стварыць у Беластоку беларускі садок. РР: Нягледзячы на тое, што тады ў Беластоку былі беларускія арганізацыі і выдавецкія цэнтры, жыло шмат беларусаў, беларускія дзеячы стваралі беларускае жыццё, але па-за Беластокам. Ад пасляваеннага часу ў Беластоку не было ніводнай беларускай навучальнай установы. Барбара Пякарская: Дакладна так. І мы разумелі, што нашым дзецям давядзецца ісці ў звычайную польскую школу. І калі мы гэта не зробім, то яны ніколі не вывучаць беларускую мову. Вядома, было шмат працы. І спачатку мы “пайшлі ў разведку”, каб ведаць, колькі “нашых”, колькі будзе зацікаўленых гэтай ідэяй. І дзесьці з вясны да лета мы з Мірай хадзілі па хатах, тлумачылі людзям, што гэта вартая справа. Людзі па-рознаму ставіліся. Так, некаторыя пыталіся, ці не думалі мы пра тое, што праз гэта дзеці забудуць польскую мову. Канешне, шмат было смешных сітуацый. Вядома, трэба было пахадзіць па чыноўніках, знайсці памяшканне для гэтых беларускіх групаў (хоць да апошняга мы самі не былі ўпэўненыя, ці будуць гэтыя групы), сабраць шмат розных папераў… І напрыканцы жніўня нам удалося назбіраць 30 дзяцей. Урэшце нам дазволілі адкрыць 2 групы дзесьці па 15 чалавек у кожнай (гэта вельмі мала, бо ў іншых групах было каля 30 дзяцей). Я памятаю, што некаторыя бацькі, калі прышлі ў садок і пабачылі, у якім ён стане, сумняваліся, перадумвалі… РР: Была ўмова: садок мусіў быць у цэнтры, каб маглі даязджаць дзеці з розных раёнаў горада. І гэтая ўмова была выканана. Затое сам садок не быў прыкладам, ён не быў такім, каб захацелася аддаць сюды сваіх дзяцей. Барбара Пякарская: Мы кіраваліся самой ідэяй, таму закрывалі вочы на тое. Яшчэ важнай і складанай справай быў пошук настаўнікаў. Ніхто не ведаў, дзе іх узяць. Бо гэтыя настаўнікі, акрамя прафесійнай працы з дзецьмі, павінны былі ведаць беларускую мову. І тады мы, бацькі, і Беларускі Саюз правялі адбор. Прыйшлі настаўніцы, якія былі зацікаўлены такой працай, і з іх мы выбралі чатырох. Дзве – працуюць там дагэтуль, адна – выехала, адна – змяніла працу. А адна асоба, якая была на тым адборы і, як мне падаецца, проста пабаялася рызыкнуць перайсці з нармальнага перспектыўнага садка ў наш, пра перспектывы якога тады цяжка было казаць, сёння працуе ў гэтым садку дырэктаркай. РР: Як бачым, усё добра скончылася. Відаць, лёс не абмінеш. А я хацеў бы ўзгадаць яшчэ адну рэч. Праўду кажучы, гэта чыноўнікі павінны дапамагаць у стварэнні такіх садкоў, інфармаваць бацькоў пра законы, якія тычацца іх. А нам самім давялося пазнаваць, што такое дзіцячы садок, у якім вучацца дзеткі нацыянальных меншасцяў. І гэта быў Пуньск, дзе мы скарысталіся досведам літоўцаў. Барбара Пякарская: Так. Мы, каб хоць мець уяўленне, як такі садок функцыянуе, паехалі туды. Гэта была цудоўная паездка. Па-першае, мы зразумелі, што ў садку дзяцей можна вучыць і працаваць з імі на роднай мове. І гэта нікому не перашкаджае. Напачатку стварэння беларускіх групаў мы абяцалі дапамагаць настаўнікам, якія таксама не ведалі, як працаваць. І дапамагалі ўсім, чым маглі: фінансамі і працай. Рабілі рамонты, куплялі дзіцячыя цацкі. Але перадусім важнай была праца бацькоў. Мы стварылі тэатр бацькоў і дзяцей, у якім час ад часу бяруць удзел настаўніцы. Назвалі гэты праект “Ад абраднасці да тоеснасці”. Самі пісалі сцэнары на аснове беларускіх абрадаў. Дапамагалі, чым маглі. І так гэта ёсць па сённяшні дзень.
Вялікі юбілей будзе святкаваць сёння і сам дзіцячы садок № 14 у Беластоку, і дзеці з бацькамі, якія цяпер маюць дачыненне да яго, і выпускнікі беларускага садка, якіх, паводле словаў дырэктаркі, за 20 гадоў ёсць амаль 300 чалавек – сапраўдны беларускі батальён. Запрашаем усіх сёння а 17 гадзіне ў Ваяводскую Управу на ўрачыстасці з нагоды 20-годдзя ўзнікнення беларускіх групаў у дзіцячым садку № 14 у Беластоку.
Гутарыў з Барбарай Пякарскай Мікола Ваўранюк, "Беларускае Радыё Рацыя"