Выйшаў 10-ты нумар часопіса "КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ"

Пачытаць нумар можна па спасылцы.

Наступны нумар часопіса выйдзе ў выйдзе ў верасні 2015 года. 

Прапануем пазнаёміцца з прадмовай рэдактара Пётры Мурзёнка да 10-га нумара.
 
Дарагія чытачы! 
Дзясяты нумар часопіса пачынаецца з артыкула пра ролю царквы ў будаўніцтве нацыі. Робяцца высновы, што ў цэлым царква мае адмоўны уплыў на нацыянальнае будаўніцтва бо не ўлічвае інтарэсы нявернікаў і атэістаў, стаіць па-над дзяржавай і з аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынаў сее варожасць паміж людзьмі. Выказваецца меркаванне, што роля царквы ў дзяржаўным\нацыянальным будаўніцтве ў будучыні будзе невысокая, уключна з праваслаўнай царквой, роля якой у грамадстве мэтанакіравана перабольшваецца. Праваслаўе ахоплівае не больш за палову насельніцтва Беларусі.
Часопіс правёў храналагічнае даследаванне падзей, звязаных з абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі – перадумовы склікання 1-га Усебеларускага з’езда і яго правядзенне, дзейнасць Рады БНР у 1918 г. ва ўмовах нямецкай акупацыі. 
У наступным артыкуле праводзіцца абгрунтаванне памылковасці выбару даты святкавання Дня Рэспублікі 3 ліпеня. У сучаснай гісторыі Беларусі, у ХХ стагоддзі, адбылося 6 абвяшчэнняў незалежнасці краіны. З іх толькі першае, 25 сакавіка 1918 г., і апошняе, 27 ліпеня 1990 г., абвяшчэнні найбольш адпавядаюць гэтаму святу; даты 25 сакавіка і 27 ліпеня могуць быць уключанымі ў будучы рэферэндум па даце прызначэння Дня Рэспублікі. 3 ліпеня мінчане і грамадзяне Беларусі могуць адзначаць, як і раней, як Дзень вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў. 
Даецца пераклад артыкула А. Таргоўскага, прысвечанага ўтварэнню Глабальнай цывілізацыі. 
Часопіс “КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ” прытрымліваецца той ідэі, што роля нацый у развіцці чалавецтва не будзе змяншацца. У нашым часопісе было абгрунтавана існаванне Усходнеславянскай беларуска-ўкраінскай цывілізацыі, якая мае шмат прызнакаў Заходняй цывілізацыі. Аўтар адносіць Беларусь да Усходняй цывілізацыі, з чым мы не можам пагадзіцца. Трансфармацыя Заходняй цывілізацыі ў Глабальную, якую абмяркоўвае аўтар, можа мець уплыў на магчымыя шляхі развіцця нашай і іншых цывілізацый.
У секцыі літаратуры мы змяшчаем кароткія аб’явы аб выхадзе ў свет новых кніг Віталя Воранава, Ірыны Шумскай і Юрася Шамецькі.  
Кожны год часопіс пашырае на сваім сайце галерэю найбольш выбітных дзеячоў нацыянальнага адраджэння. Прынцып уключэння гістарычных асоб у галерэю вельмі просты – круглыя даты з дня нараджэння. Вядома, ахапіць усіх дзеячаў адразу немагчыма, таму мы разлічваем на паступовую працу ў папаўненні галерэі. Сёлета калекцыя папоўнілася партрэтамі Ларысы Геніюш, 105 гадоў з дня нараджэння, Уладзіміра Дубоўкі – 115 гадоў, Альгерда Абуховіча – 175 гадоў, Францішка Багушэвіча – 175 гадоў, Міколы Гусоўскага – 545 гадоў. Пад партрэтамі даюцца кароткія вытрымкі, якія, на нашу думку, найбольш адлюстроўваюць дзейнасць нашых нацыянальных герояў. 
Пётра Мурзёнак