Маладыя беларусы Дзяніс Лапуноў і Раман Салахаў расказалі «Нашай Ніве» аб сваім жыцці ў сталіцы Расіі.
Абодва хлопцы трапілі ў Маскву падобным чынам: трохі раней іх бацькі пераехалі туды працаваць — у Дзяніса маці, у Рамана бацька. 19гадовы Дзяніс скончыў у родным Віцебску 9 класаў, а затым паехаў да матулі. У Маскве ён скончыў каледж, затым уладкаваўся на працу. Цяпер вучыцца на завочным у машынабудаўнічым універсітэце, падпрацоўвае менеджарам па лагістыцы.
Раман пераехаў да бацькі пасля сканчэння мінскага БДУІРа, дзе вучыўся на маркетолага-эканаміста. Цяпер працуе па спецыяльнасці ў IT-сферы.
Абодва хлопцы — каталіцкія вернікі, нават пазнаёміліся яны ў хрысціянскім інтэрнаце.
«У нашым касцёле — гэта Кафедральны сабор Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі — існуе прадстаўніцтва салезіянцаў. Яны працуюць з моладдзю і побач з храмам стварылі такі хрысціянскі інтэрнат для студэнтаў. Гэта нашмат танней, чым здымаць кватэру. І вось мы трапілі ў адзін з «нумароў» гэтага інтэрната, так і пазнаёміліся», — распавядае Раман.
Жыллё ў гэтым інтэрнаце добрае. Па сутнасці, хлопцы жывуць у чатырохпакаёвай кватэры ў цэнтры горада. У кожным пакоі па два чалавекі.
Прычым да кожнага пастаяльца падыходзяць індывідуальна — плаціш, колькі можаш.
Калі грошай няма ці часовыя праблемы з імі, на вуліцу цябе ніхто не выкіне. Хрысціяне ўсё ж.
Дзяніс у Маскве каля 2 гадоў. Раман — амаль 4. Але ацэньваюць мегаполіс яны амаль што аднолькава.
«Масква і для Расіі нетыповы горад. З аднаго боку, тут вельмі шмат дабротаў цывілізацыі. З іншага — людзі жывуць даволі адасоблена. Адкрытасці я не заўважыў. Калі б не было касцёла, то было б цяжка, — прызнаецца Раман. — Часта людзі, якія жывуць у Маскве ці прыязджаюць сюды, проста замыкаюцца: дом, праца — і ўсё».
«Мне пасля пераезду жылося не вельмі салодка. Першы семестр у каледжы — пякельны час. Я вучыўся на аўтамеханіка. Гэта была звычайная працоўная вучэльня, як тут кажуць, — «шарага». І так я і жыў: дом, вучэльня. Ну, яшчэ хадзіў у касцёл Святога Людовіка, — кажа Дзяніс. — Але потым зайшоў на святочную імшу ў сабор, тут была моладзевая суполка, я пазнаёміўся з людзьмі, знайшоў сяброў», — дадае Дзяніс.
Па словах хлопцаў, большасць людзей сёння падтрымлівае дзеянні ўлады. Нават крызіс не надта паўплываў на меркаванні.
«Вы ж бачылі расійскія навіны? Што ў тэлевізары паказваюць, тое ў людзей і ў галовах. «Крымнаш!» ды іншае», — кажуць яны.
Праблем каталіцкая Царква не мае. Але і ў палітыку не лезе.
Штогод пры канцы мая касцёл ладзіць свята пад назвай Дзень сям’і. У ім удзельнічае ўся парафія.
«У Маскве шмат розных каталіцкіх суполак: польская, французская, іспанская і г.д. І людзі ходзяць у адзін касцёл, але паміж сабой амаль не маюць зносінаў. І сэнс гэтага свята — іх усіх аб’яднаць, пазнаёміць. Падчас мерапрыемства праходзяць канцэрты, запрашаюцца і праваслаўныя, калі яны хочуць. І кожная суполка выстаўляе намёт, які прэзентуе краіну і яе культуру, кухню», — тлумачыць Дзяніс.
І другі год запар хлопцы ставяць на Дні сям’і беларускі намёт.
«Нашая суполка невялікая, — смяецца Раман. — Толькі мы ўдваіх».
У намёце хлопцы прадавалі дранікі. Каб іх прыгатаваць, яны адмыслова прывезлі з Беларусі беларускія прадукты.
«Прывезлі яшчэ печыва, вафлі, квас. Квас з Ліды ўсіх уразіў. Мы прывезлі скрыню, яна разышлася ў першы ж дзень. Заробак ад продажу ўвесь аддалі касцёлу, — кажа Дзяніс. — А ў мінулым годзе мы павесілі два сцягі — дзяржаўны і белчырвона-белы. І беларусы падыходзілі і казалі пра бчб-сцяг: «Ого, крута! Малайцы!»
Сёлета свой намёт хлопцы аздобілі нацыянальным арнаментам. Яны самі склалі арнамент у фаташопе, а потым раздрукавалі сабе «вышымайкі».
Хлопцы не плануюць заставацца ў расійскай сталіцы назаўсёды.
«Я не магу ўявіць, што я пражыву тут усё жыццё», — кажа Раман.
З ім згодны і Дзяніс.
«Увосені я прыеду ў Беларусь. Спачатку пайду «здавацца» ў ваенкамат і, калі не забяруць у армію, застануся жыць у Віцебску, — кажа Дзяніс. — Бо вярнуцца дамоў — гэта мара».
Улад Швядовіч