Цімафей Хведашчэня быў вядомым атаманам беларускага антысавецкага партызанскага руху.
Споўнілася 122 гады са дня народзінаў ваяра Беларускай Народнай Рэспублікі, камандзіра атрада беларускага антысавецкага партызанскага руху ў 1920-я Цімафея Хведашчэні. 9 чэрвеня сябры "Беларускай Нацыянальнай Памяці" разам з унукам Хведашчэні ўшанавалі яго памяць. Яны наведалі магілу беларускага дзеяча на Паўночных могілках у Варшаве.
Старшыня арганізацыі Анатоль Міхнавец распавёў "Еўрарадыё", што некалькі гадоў запар шукалі магілу славутага беларускага афіцэра, а калі знайшлі, здолелі скантактавацца са сваякамі Хведашчэні. Высветлілася, што ў 1945-м, каб пазбегнуць арышту савецкімі спецслужбамі, ён памяняў прозвішча на Федашчэня. Тым не менш, праз некалькі гадоў яго арыштавалі, за кратамі партызанскі камандзір правёў дзесяць гадоў. Дачка Міра распавяла, што ў кватэры былі ператрусы, наладжваліся засады на знаёмых бацькі. Сваякі вымушаныя былі знішчаць фотаздымкі, кнігі, асабістыя рэчы, якія мелі беларускае нацыянальнае адценне. Захаваўся толькі пярсцёнак Хведашчэні з Пагоняй.
Беларускі дзеяч памёр на руках свайго ўнука Рамана Тамаша 2 сакавіка 1977 года.