Амерыканскі фонд дапамагае беларускім дзецям-інвалідам

Замежныя беларускі зладзілі свята ў Чэрвеньскім дом-інтэрнаце для дзяцей і моладзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Дзеці з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі аб’ядналі людзей без межаў: кіраўніцу амерыканскага дабрачыннага фонду «The Saviour» («Спас») беларуску з Нью-Ёрка Кацярыну Фаронда і скрыпачку з Беларусі, якая жыве ў Вене, Юлію Лебядзенка.

Намаганнямі Кацярыны Фаронда ў Беларусі прайшла штогадовая, ужо дзявятая па ліку, дабрачынная акцыя «Па імені дзяцінства». Гэтым разам яе прысвяцілі ахове навакольнага асяроддзя. На думку Кацярыны, немагчыма казаць пра абарону дзяцей без абароны навакольнага асяроддзя — месца жыцця дзяцей:

«На мой погляд, чысціня прасторавая і чысціня духоўная — ўзаемазвязаныя паняцці і фарміруюць асобу. Цяжка ўявіць адно без аднаго. Усе дзеці маюць чысціню духоўную ад самага нараджэння. Ці захаваецца яна і ці паболее яе, той чысціні духоўнай, — залежыць ад асяродку, у якім расце дзіцёнак. А тут ужо можна весці гаворку не толькі пра ўнутраны свет дзіцяці, яго маральныя якасці, але і пра яго фізічнае здароўе. Гэта вельмі важна».

Гэтым разам для сваёй дабрачыннай акцыі Кацярына Фаронда абрала Чэрвеньскі дом-інтэрнат для дзяцей і моладзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Мінскай вобласці. Адметнасць праграмы — у яе падыходзе: гэтым разам сціпла і сур’ёзна, з класічнай музыкай са сцэны — адмысловая музычная тэрапія. Дуэтам скрыпачка Юлія Лебядзенка і піяністка Святлана Стэфаненка выканалі творы Нікола Паганіні ды Фрыца Крэйслера. Святлана яшчэ і рамансы праспявала. Дзеці, абмежаваныя фізічна і разумова, не абдзеленыя эмацыйна. Яны вельмі тонка адчулі мелодыку, настрой скрыпкі: пляскалі ў далоні, усміхаліся, махалі сцяжкамі дабрачыннага фонду «Спас». У зале панаваў дабразычлівы настрой.

Па словах дырэктаркі дома-інтэрната Элы Барысавай, дзеці вельмі чакаюць, калі да іх прыедуць неабыякавыя людзі і зладзяць для іх свята. Для гадаванцаў дома-інтэрната гэта адзіная магчымасць пабачыць новыя твары і адчуць да сябе прыязнасць незнаёмых людзей.

Юлія Лебядзенка, скрыпачка, кажа:

«Для мяне няцяжка выступаць перад дзецьмі-інвалідамі са звычайнай маленькай сцэны. Бо музыка не мае межаў. Калі знаходжуся бліжэй да слухача, то паміж намі няма прасторавых перашкодаў. Я адчуваю настрой залі. А дзеці такія шчырыя! Вельмі эмацыйна рэагуюць на маю музыку. І гэта толькі дае мне сілы, яшчэ больш запальвае.»

У Юлі гэта ўжо другі выступ для гэтых дзяцей. А ўвогуле, дзяўчына займаецца адраснай дапамогай беларускім дзіцячым дамам і шпіталям. Шмат разоў падтрымлівала акцыі ў дапамогу дзецям з Украіны, Расіі, Сербіі, іншых краінаў. Дабрачыннасцю не толькі ў Беларусі, але ў іншых постсавецкіх краінах займаецца і Кацярына Фаронда з фонду «The Saviour», які дапамагае і гуманітарнай дапамогай, і спецыяльным харчаваннем для дзяцей з цяжкім генетычным захворваннем фенілкетанарыяй.