Пад такой назвай 5 чэрвеня ў Доме нацыянальных меншасцяў у Вільні прайшло мерапрыемства, арганізаванае Таварыствам беларускай культуры ў Літве і Асацыяцыяй "Крывія". Асноўная задача - пазнаёміць прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў з беларускай культурай і беларускім прадстаўнікам бліжэй пазнаёміцца з іншымі культурамі.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі з Літвы, Беларусі, Алжыра, Азербайджана, В'етнама.
Госці і арганізатары мерапрыемства сабраліся за круглым сталом, дзе бліжэй змаглі пазнаёміцца адзін з адным. Нягледзячы на розніцу грамадзянства, веравызнання, колеру скуры, удзельнікі хутка знайшлі дыялог паміж сабой і ў кароткай форме змаглі прадставіць краіны свайго паходжання.
Гэтым разам было вырашана прадставіць свае нацыянальныя стравы.
Удзельнікі яшчэ з самай раніцы з вялікім хваляваннем рыхтавалі вячэру, каб на мерапрыемстве як мага шырэй і падрабязней прадставіць традыцыі харчавання на сваёй радзіме. Таму стол аказаўся багатым і разнастайным.
Удзельнікі падчас мерапрыемства абменьваліся сваімі ўражаннямі і дзяліліся ведамі пра свае краіны.
Зразумела, што вярнуўшыся на сваю этнічную бацькаўшчыну, удзельнікі ў сваіх сем'ях распавядуць пра Беларусь, беларусаў і пахваляцца між іншым, што паспрабавалі і беларускія стравы. А беларусы тым часам таксама скажуць, што не толькі чулі пра іншыя культуры, але і змаглі з імі блізка пазнаёміцца, пакантактаваць з іх прадстаўнікамі і пабачыць, што дыялог можна заўды знайсці з любым чалавекам, незалежна ад яго краіны паходжання, веравызнання, колеру скуры.