Дырэктарка Офіса за дэмакратычную Беларусь (Брусэль) Вольга Стужынская абвесціла пра свой сыход з гэтай пасады. Яна ўзначальвала офіс 9 гадоў і была яго заснавальніцай.
Стужынская кажа, што яе сыход не звязаны са згортваннем праграм дапамогі грамадзянскай супольнасці Беларусі, якія ажыццяўляліся ЗША, Швецыяй і Еўрасаюзам. Скарачэнне фондаў пачалося з 2015 года і, як мяркуецца, узмацніцца ў 2016-м. Зразанні тлумачыцца як увагай пераважна да Украіны, так і застоем у беларускай палітычнай сітуацыі, а таксама бюджэтнымі скарачэннямі ўвогуле.
«Я проста сыходжу, як планавалася, і пакуль не вызначылася з новый працай, — сказала Вольга Стужынская «Нашай Ніве». — 9 гадоў працы на адным месцы — гэта задоўга. Хачу развівацца прафесійна далей. Працаваць па іншых тэмах і, магчыма, рэгіёнах».
«Буду адпачываць лета», — жартуе яна, але дадае, што ўжо мае шэраг прапановаў ад міжнародных арганізацый і фундацый.
Офіс за дэмакратычную Беларусь была першай структурай, арыентаванай на лабіраванне інтарэсаў беларускай незалежнасці і еўрапейскага выбару пры структурах Еўрасаюза. Ён ажыццявіў дзясяткі праектаў і супрацоўнічаў у Беларусі пераважна з грамадзянскай супольнасцю, а таксама спрыяў развіццю нацыянальнай культуры.
Вольга Стужынская — дачка знанага беларускага гісторыка Ніны Стужынскай, даследчыцы гісторыі антысавецкай партызанкі, а ў грамадскай дзейнасці — паплечніцы Міколы Статкевіча ў сацыял-дэмакратыі. Вольга, сярод іншага, скончыла Беларускі ліцэй імя Якуба Коласа, БДУ і Стэнфардскі ўніверсітэт.
Арганізацыя працягне сваю дзейнасць па ўсіх існуючых праектах. Калегі Стужынскай па офісе — Алёна Ліс (дарэчы, дачка выдатнага гісторыка культуры Арсеня Ліса) і Алена Шуба — застаюцца працаваць. Дырэктара ў арганізацыі пакуль не будзе.
Мікола Бугай