Мальдзіс прапануе стажыраваць беларускіх студэнтаў у скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане

На паседжанні круглага стала «Францішак Скарына і яго час», які прайшоў у рамках VI Міжнароднага кангрэсу беларусістаў, вядомы літаратуразнаўца, гісторык і пісьменнік Адам Мальдзіс выказаў меркаванне, што такія стажыроўкі могуць быць цікавымі для Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, а «там і іншыя падцягнуцца», перадае БелаПАН.

Беларуская бібліятэка імя Скарыны ў Лондане была заснавана ў 1971 годзе. У ёй захоўваюцца даведнікі і слоўнікі, мастацкая, гістарычная, этнаграфічная, царкоўная і іншая літаратура, выдадзеная ў Беларусі і за мяжой на многіх мовах свету. Скарынаўская бібліятэка змяшчае найбуйнейшую ў Заходняй Еўропе калекцыю кніг і друкаваных матэрыялаў, якія маюць дачыненне да Беларусі. Тут утрымліваюцца рэдкія і каштоўныя асобнікі, у тым ліку некаторыя арыгіналы кніг Францішка Скарыны, іншыя выданні, датаваныя пачынаючы з XVII стагоддзя. Калекцыя бібліятэкі рэгулярна папаўняецца.

З 1981 году бібліятэкай кіраваў апостальскі візітатар для беларусаў — грэка-каталікоў у эміграцыі айцец Аляксандар Надсан, які памёр сёлета ў красавіку. Ён фактычна жыў у будынку бібліятэкі, і яе дзверы былі адчыненыя. Пасля смерці айца Надсана ўстанову ўзначаліла апякунская рада з сямі беларускіх і брытанскіх беларусістаў.

Нягледзячы на шматлікія чуткі пра магчымае закрыццё бібліятэкі пасля смерці кіраўніка, у рэальнасці ёй нічога такога не пагражае, заявіў адзін з сябраў апякунскай рады прафесар Джым Дынглі. Аднак гэта не значыць, што ў бібліятэкі няма праблем: «У нас ёсць кавалак зямлі, добры будынак, які, вядома, патрабуе рамонту, ёсць калекцыя кніг і часопісаў на паліцах, але... няма чытачоў».

«Сёння мы знаходзімся ў сітуацыі, калі ў бібліятэцы ніхто не жыве», — сказаў ён. Дынглі падкрэсліў, што члены апякунскай рады ў цяперашні час вырашаюць, што трэба зрабіць, каб «засталася жывая ідэя бібліятэкі», а яе дзверы «былі адчыненыя для чытачоў». У прыватнасці, кіроўная рада дамовілася па чарзе дзяжурыць у бібліятэцы кожную суботу. Каб ажывіць апусцелую з распаўсюджваннем інтэрнэту бібліятэку, сябры рады пачалі рабіць лічбавы варыянт фондаў. У перспектыве гэтая інфармацыя ўвойдзе ў поўны электронны каталог бібліятэкі. Акрамя таго, яны плануюць укараніць практыку выдачы кніг на дом. Пакуль застаецца нявырашанай задача, што рабіць з архівам бібліятэкі, які настолькі вялікі, што «ніхто дакладна не ведае, што там знаходзіцца».