22 траўня ў Маскве адбыўся шосты з'езд Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Расіі". На ім Алег Рудакоў быў абраны Намеснікам старшыні аўтаноміі, адказным за развіццё беларускай мовы. Віншуем спадара Алега з прызначэннем на гэтую пасаду і зычым плённай працы, энергіі і здароўя! А нашым шаноўным чытачам прапануем пазнаёміцца з яго выступам падчас з'езду.
Выступ на З’ездзе
Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”
(ФНКА “Беларусы Расіі”)
22 траўня 2015 года
Масква, Дом Нацыянальнасцяў
Дзень добры, шаноўныя спадарыні і спадары!
З прыемнасцю вітаю вас ад берагоў Байкала!
Мабыць, усе тут прысутныя ўжо ведаюць, што я зараз не з’яўляюся старшынёй, альбо лідарам беларускай супольнасьці ў Прыбайкаллі.
Так, я заснаваў і 17 гадоў кіраваў Рэгіянальным грамадскім аб’яднаннем “Іркуцкае таварыства Беларускай культуры імя Я.Д. Чэрскага” (ІТБК). Але ў красавіку 2013 года на чарговым юбілейным 10-м З’ездзе ІТБК я саступіў пасаду старшыні Алене Сіпаковай, якая зараз і кіруе ІТБК. Болей за тое, 5 ліпеня 2014 года я напісаў заяву і выйшаў з ІТБК, каб у новага актыву Таварыства не было жадання азірацца на мяне і не было ілюзій, што я працягваю ўплываць на рашэнні новага кіраўніцтва.
У той жа час я застаюся грамадска-актыўным удзельнікам беларускага руху ў Прыбайкаллі. Я спяваю ў гурце “Крывічы”, праводжу майстар-класы па танцах, арганізоўваю этнаграфічныя вандроўкі па беларускіх вёсках Прыбайкалля і раблю іншую працу ў межах Маладзёвага клуба “Крывічы”.
Іркуцкае гарадское маладзёвае аб’яднанне “Маладзёвы клуб Крывічы” (МК “Крывічы”) было заснавана яшчэ ў студзені 1997 года. Спачатку Клуб быў як маладзёвае крыло ІТБК, але маладыя лідары “выраслі” і ўзнікла жаданне зарэгістраваць асобнае грамадскае аб’яднанне. У 2009 годзе быў праведзены ўстаноўчы сход, які абраў старшыню МК “Крывічы” – Волю Галанаву. Наступныя сходы клуба, (2012 г. і 2015 г.) пацвердзілі паўнамоцтвы Волі ў якасці старшыні.
Акрамя ІТБК і МК “Крывічы” ў Іркуцкай вобласці таксама дзейнічае яшчэ адно самастойнае аб’яднанне – гэта Мясцовая нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Чарамхова”, якая месціцца ў Чарамхоўскім раёне Іркуцкай вобласці. Гэтая грамадская суполка паўстала таксама з вытокаў ІТБК. Спачатку ў 2002 годзе ў горадзе Чарамхова ўзнікла Аддзяленне ІТБК, а потым старшыня гэтага аддзялення Васіль Ракіта ў 2008 годзе зарэгістраваў асобную суполку.
Некаторыя могуць казаць, што Беларусы Прыбайкалля “разваліліся” з адной моцнай супольнасці аж у тры. З аднаго боку гэта так. Існуе нават пэўная канкурэнцыя гэтых аб’яднанняў.
Але з другога боку гэта аб’ектыўная рэальнасць пры пашырэнні шэрагаў беларускіх актывістаў.
Справа ў тым, што грамадская актыўнасць беларусаў Прыбайкалля ўвесь час не толькі пашыраецца змястоўна, але ўзнікаюць і новыя лідары, якія гатовы шчыраваць на карысць беларускага руху ў нашым рэгіёне. У той жа час новыя лідары аб’ектыўна жадаюць пэўнай самастойнасці і ўдасканалення сваёй працы. Прычым пад словам “лідары” я маю на ўвазе не толькі трох афіцыйна абраных старшыняў: Васіля Ракіту, Волю Галанаву і Алену Сіпакову - але і той актыў, які аб’яднаўся вакол іх. А гэта ў кожнай арганізацыі добры тузін (і не адзін) яркіх асоб.
Таму я асабіста лічу, што тое, што ў Іркуцкай вобласці з ІТБК выйшлі яшчэ дзве самастойныя беларускія суполкі – гэта паказчык росту беларускага руху ў Прыбайкаллі!
Кожная з трох арганізацый шчыруе на свой густ на карысць адраджэння, развіцця і захавання беларускай культуры і грамадскага пашырэння беларускага патрыятызму!
Таму я асабіста, убачыўшы, што зерне, якое я пасеяў, добра ўзрасло, вырашыў саступіць лідарскія паўнамоцтвы іншым людзям. Пры гэтым я знайшоў сабе свой прытулак для праяўлення сваіх грамадскіх ініцыятыў. Зараз я з’яўляюся шараговым жыхаром горада Іркуцка і актыўным сябрам МК “Крывічы”.
І менавіта таму мае вітанні дэлегатам З’езду ФНКА “Беларусы Расіі” толькі асабіста ўласныя.
Але мне вельмі прыемна быць тут, пабачыцца са старымі сябрамі, пазнаёміцца з новымі.
Сёння свята душы! Сёння тут сабралася эліта беларускага руху ў Расіі. Найлепшыя з найлепшых, лідары грамадскіх суполак з розных рэгіёнаў і гарадоў нашай вялікай краіны.
І я б хацеў да вас звярнуцца з вялікай просьбай: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”, бо “Няма мовы – няма народа!”
Што робіць нас адметнымі? Унікальнымі?
Па-першае – гэта мова! Па-другое – гэта народная традыцыя! Па-трэцяе – гэта гістарычная спадчына!
Усё астатняе неістотна. Месца жыхарства, нашыя асабістыя поспехі, нашыя рэгаліі і ўзнагароды...
Калі мы беларусы, калі мы лідары, то мы павінны сваім прыкладам паказваць, што мы ведаем і з суродзічамі карыстаемся беларускай мовай з задавальненнем і павагай!
Калі мы беларусы, калі мы лідары, то кожны з нас павінен мець свой асабісты народны строй, вышываную кашулю і ладзіць са сваімі суродзічамі беларускія нацыянальныя народныя святы - Каляды, Гуканне вясны, Купалле, Дажынкі, Дзяды і іншыя! Пры гэтым павінны гучаць беларускія песні, мы павінны танчыць беларускія скокі, мы павінны выконваць беларускія абрады.
Калі мы беларусы, калі мы лідары, то мы павінны вывучаць гісторыю свайго народа і праводзіць шэраг круглых сталоў, вечарын, канферэнцый, якія б знаёмілі не толькі сяброў нашых аб’яднанняў, але і расіян, жыхароў гарадоў і абласцей, дзе мы жывем, з гераічнай спадчынай беларусаў!
Мы павінны ганарыцца беларускімі гістарычнымі сімваламі! І перш за ўсё нашым гербам “Пагоня”, які ўжо болей за 700 гадоў яднае нашых продкаў і нас. Бо і сёння “Пагоня” з’яўляецца афіцыйным гербам Віцебскай вобласці!
Калі мы будзем памятаць гэтыя тры асноўныя ідэі і працаваць на іх увасабленне, тады мы захаваемся як народ, тады мы зможам перадаць свае веды і вопыт нашчадкам! Калі не, то, як мне здаецца, беларусы растворацца ў віры глабалізацыі…
У Іркуцку брэнд “Беларусы Прыбайкалля” гучыць годна!
Кожнае з трох аб’яднанняў (ІТБК, МК “Крывічы”, МНКА “Беларусы Чарамхова”) шмат робіць дзеля пашырэння гэтага брэнду.
Толькі ў траўні гэтага года:
- МНКА “Беларусы Чарамхова” правялі гучную вечарыну, прысвечаную беларускім змагарам з Арміі Андэрса, якія былі сасланыя пасля Вялікай Айчыннай вайны ў Іркуцкую вобласць.
- ІТБК узяло актыўны ўдзел 9 траўня ў акцыі “Бессмяротны полк”, а 16 траўня прадставілі беларускую культуру ў музеі “Усадьба Сукачёва” падчас акцыі “Ноч у музеі”.
- МК “Крывічы”:
- 6 траўня узялі ўдзел у прэзентацыі кнігі беларускага гісторыка “Лоеўскі плацдарм” у Абласной навуковай бібліятэцы, дзе выканалі некалькі старажытных песень;
- 8 траўня правялі гістарычную вечарыну, прысвечаную 170-годдзю з дня нараджэння Яна Чэрскага, паўстанца-“каліноўца”, які стаў знакамітым навукоўцам;
- 12 траўня ў Абласной юнацкай бібліятэцы правялі творчую сустрэчу з моладдзю Іркуцка (сабралося болей за 50 чалавек), дзе і чыталі па ролях беларускую народную казку, і спявалі беларускія старажытня песні, і танчылі пабытовыя беларускія народныя скокі, і распавялі іркуцкай моладзі пра паўстанне 1863 года і пра ўдзел у ім Яна Чэрскага;
- 13-15 траўня мы прадставілі майстэрню “Беларуская Хата” на прэстыжнай Абласной выставе “Свет Сям’і” у СібЭкспаЦэнтры;
- а 30 траўня збіраемся правесці міжнароднае беларускае свята “Кірмаш”, куды запрашаем музыку з Мінска – Юрыя Несцярэнку, 15 беларускіх гуртоў і выканаўцаў з Іркуцка і вобласці. 7 гадзін будзе ісці прадстаўленне. Будуць таксама і майстар-класы па беларускіх традыцыйных рамёствах, танцах і гульнях для дзяцей.
Вось такую працу мы вядзём у нашым рэгіёне. Безумоўна, іркуцянам падаецца, што беларуская дыяспара ў Прыбайкаллі самая вялікая, актыўная і таленавітая. А так гэта і ёсць!
Апроч усяго, жадаю зазначыць, што ў ІТБК і ў МК “Крывічы” ў актыве ёсць маладыя беларусы ў 3-4-м пакаленні, якія нарадзіліся ў Сібіры, але выдатна вывучылі беларускую мову і з задавальненнем размаўляюць між сабой на мове свайго народа. У абедзвюх арганізацыях праходзяць курсы па вывучэнні беларускай мовы, якія карыстаюцца попытам.
Я ўпэнены, што зараз актыўнасці “Беларусам Прыбайкалля” нічога не пагражае, у тым ліку змена лідараў, ці якія шчэ іншыя варункі. У нас ужо засяліўся сапраўдны дух беларускага патрыятызму!
Напрыканцы я жадаю новаму кіраўніцтву ФНКА “Беларусы Расіі” плённай працы на карысць адраджэння, захавання і развіцця беларускага руху ў Расіі.
Усё можна зрабіць! Усё ў нашых руках!
Толькі трэба памятаць свае карані, вывучаць гісторыю і мову свайго народа і праводзіць шэраг мерапрыемстваў па захаванні беларускай народнай традыцыі.
І тады будзе жыць вечна беларускі народ! І будзе жыць Беларусь!
Алег Рудакоў