У рамках святкавання 70-годдзя Перамогі адбыўся шэраг значных мерапрыемстваў, якія ў чарговы раз падкрэслілі свяшчэнную і непарушную значнасць гэтага свята для ўсіх беларусаў Малдовы.
6 мая на дзяржаўным радыё «Radio Moldova» выйшла беларускамоўная радыёперадача аўтара Генадзя Зяньковіча «Беларуская крыніца», прысвечаная 70-годдзю Перамогі, дзе быў адзначаны асаблівы бясцэнны подзвіг беларускага народа і тая жахлівая цана, якую заплаціла наша Бацькаўшчына за мір над галавой. Упершыню беларусы Малдовы пачулі сардэчныя віншаванні з нагоды юбілею Перамогі з вуснаў новага Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова спадара Чычука Сяргея Мікалаевіча. У рамках святочнай праграмы прагучала унікальнае інтэрв'ю найстарэйшага прадстаўніка беларускай дыяспары Малдовы 91-гадовага ветэрана Вайцеховіча Уладзіміра Віктаравіча. Яго бясцэнныя ясныя ўспаміны і шчырыя пажаданні, напоўнілі пачуццём бязмернай падзякі і гонару сэрца кожнага слухача.
6 мая 2015 года агульнымі намаганнямі вялікай колькасці грамадскіх аб'яднанняў быў праведзены Марш памяці, дзе нашчадкамі былі з гонарам пранесены і партрэты беларусаў, якія вызвалялі Рэспубліку Малдову. У гады Вялікай Айчыннай вайны пры вызваленні Малдовы ў 1944 годзе ў злучэннях другога Украінскага фронту ваявала каля 6 тысяч беларусаў, больш за 7 тысяч беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі змагаліся ў складзе 3-га Украінскага фронту. У баях за вызваленне Малдовы бралі ўдзел 20 беларусаў - Герояў Савецкага Саюза. З 64 беларусаў поўных кавалераў Ордэна Славы двое - Уладзімір Матуз і Уладзімір Пасікаў, вызначыліся ў ваенных аперацыях менавіта на тэрыторыі Малдавіі[1].
8 мая беларускія этнакультурныя арганізацыі Беларускі культурны рух Малдовы, Таварыства дружбы і супрацоўніцтва «Малдова-Беларусь», Беларуская грамада ў Рэспубліцы Малдова і Асацыяцыя беларусаў муніцыпія Кішынёў «Беларусь» уручылі віншавальны адрас ад імя беларусаў Малдовы Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова спадару Чычуку Сяргею Мікалаевічу. У віншаванні былі выказаны словы велізарнай, бязмернай падзякі нашай Бацькаўшчыне: «Дзень 9 Мая 1945 года залатымі літарамі навечна ўпісаны ў гераічны летапіс нашай Радзімы - Рэспублікі Беларусь! Праходзяць дзесяцігоддзі, змяняюцца пакаленні, але Вялікая Перамога, як сімвал нацыянальнага гонару, воінскай славы і доблесці нашага народа, застаецца свяшчэнным і непарушным! Свята 9 Мая гарыць вечным агнём у сэрцах нашчадкаў, а свядомасць напоўнена пачуццём радасці і падзякі роднай Бацькаўшчыне за падоранае мірнае жыццё цаной неймаверных намаганняў і жудаснай колькасці чалавечых ахвяр. Подзвіг, стойкасць і любоў пакалення Пераможцаў да Айчыны заўсёды будуць служыць для нас высокім маральным арыентырам. Няхай над нашай Бацькаўшчынай - Рэспублікай Беларусь заўсёды будзе мірнае сонечнае неба, а сэрца беларускага народа будзе напоўнена любоўю і радасцю!»
9 мая беларусы разам з усімі народамі Малдовы ўсклалі кветкі да Мемарыяла Воінскай Славы ў Кішынёве. Доблесць, мужнасць, стойкасць, непахісная воля - вось тыя якасці, якія праявілі нашы народы ў гады жорсткай і кровапралітнай вайны. Мы аддаем і будзем аддаваць даніну памяці і павагі героям, якія самааддана служылі роднай зямлі. Ніколі не будзе забыты подзвіг тых, хто гераічна адстаяў у баях нашу Свабоду!
[1] Беларусы ў этнакультурнай прасторы Малдовы / В.А.Саковіч; Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору ім. Кандрата Крапівы Нац. Каф. АН Беларусі, Кішынёў: Tipogragia Centralǎ, 2011. С. 664.