Беларусы Малдовы шырока святкуюць 70-годдзе перамогі

Мерапрыемстваў па правядзенні святкавання 70-годдзя вялікай Перамогі Беларуская абшчына ў Малдове запланавала шмат.

Пачаліся яны з 23 лютага, Дня абаронцаў Айчыны. У Доме нацыянальнасцей прайшоў урачысты сход абшчыны, на якім ушаноўвалі абаронцаў Айчыны, і кожны распавёў, якое мае воінскае званне, дзе служыў. Але асаблівая ўвага была нашым ветэранам. Падарункі, вершы, песні, танцы.

На ўсіх нашых мерапрыемствах бываюць прадстаўнікі амбасады РБ у РМ. З задавальненнем да нас прыходзяць прадстаўнікі многіх суполак нацыянальных меншасцяў Малдовы - рускай, украінскай, балгарскай, гагаузскай, азербайджанскай і інш. Усе яны адзначаюць нашую добразычлівасць, цёплую атмасферу, сяброўства. уменне годна правесці любое мерапрыемства.

Ужо не адзін год праводзім шэфскую працу над ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны - кампанію “Дом без адзіноты: за кожным ветэранам замацаваны член абшчыны. Ветэранаў засталося няшмат, вось і хочацца, каб яны адчувалі ўвагу пастаянна, а не толькі ва ўрачыстыя даты. Мы дапамагаем у пытаннях паўсядзённага жыцця: трэба прыбрацца (ім ужо цяжка), наладзіць сантэхніку, электрычнасць, нешта прынесці, усталяваць і г.д.

Тры гады таму ў суполцы было 12 ветэранаў ВАВ, сёння засталося 5 чалавек...

Мы збіраем матэрыял пра беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, удзельнікаў вызвалення Малдовы ў гады Вялікай Айчыннай вайны, афармляем стэнды ў клубе-музеі “Гвардзеец”, які існуе пры Беларускай абшчыне Малдовы ўжо больш за 15 гадоў. Гэта адзіны клуб-музей Вялікай Айчыннай вайны ў Кішынёве пры грамадскай арганізацыі. Мы часта праводзім тут свае мерапрыемствы, сюды прыходзяць дзеці, школьнікі, моладзь.

2 траўня абшчына правяла суботнік у музеі “Гвардзеец”. Прыбралі тэрыторыю і памяшканне, абнавілі стэнды, зрабілі новыя банеры, пафарбавалі металічныя канструкцыі.

Ну, зразумела, зрабілі і шашлыкі, паспявалі беларускія песні.

5 траўня на мемарыяльным комплексе “Вечнасць” у Кішынёве прайшла памінальная паніхіда па загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, дзе прадстаўнікі нашай абшчыны ўзялі ўдзел. Усклалі вянкі і кветкі да вечнага агню.

6 траўня члены абшчыны, сумесна з Каардынацыйным саветам расійскіх суайчыннікаў, Бюро міжэтнічных адносін, Славянскім універсітэтам прайшлі дарогай маршу “Бессмяротны полк”. Неслі партрэты франтавікоў. Мерапрыемства ўпершыню прайшло ў Кішынёве.

8 траўня завіталі да ветэранаў, членаў нашай абшчыны, хто не мог прыйсці на ўрачыстае пасяджэнне ў дзень Перамогі, і моладзь у нацыянальных беларускіх касцюмах уручыла грашовыя і прадуктовыя падарункі.

9 траўня адбыўся ўрачысты сход суполкі ў музеі «Гвардзеец», прысвечаны 70-годдзю Перамогі. Адбылося віншаванне ветэранаў, канцэрт, танцы.

Наперадзе і іншыя мерапрыемствы.

3 ліпеня да вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы правядзем літаратурныя чытанні, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны

У жніўні плануем правесці прэзентацыю кнігі ўспамінаў “Як мы ваявалі” ветэрана вайны, удзельніка парада Перамогі 1945 года В.В. Вайцэховіча, якому 10 траўня споўніўся 91 год.

А ў верасні збіраемся арганізаваць паездку членаў абшчыны па гераічных мясцінах Вялікай Айчыннай вайны Рэспублікі Беларусь: наведаць Брэсцкую крэпасць, мемарыяльны комплекс Хатынь, горад-герой Мінск, пабываць у Полацку.

Беларуская грамада ў Рэспубліцы Малдовы існуе ўжо 20 гадоў. За гэты час яна аб'яднала сотні беларусаў, якія воляй лёсу трапілі ў Малдову.

I за ўсе гэтыя гады мы не забылі сваю мову, сваю культуру і традыцыі.

Сёння нашу Грамаду ведаюць ва ўсёй Малдове, яна знайшла сваё месца сярод іншых нацыянальная дыяспар, а за поспехі ў галіне захавання нацыянальных традыцый нас неаднаразова ставілі ў прыклад іншым нацыянальным меншасцям i ўзнагароджвалi.

Сёння ніводнае рэспубліканскае грамадскае мерапрыемства не абыходзіцца без нашага ўдзелу. Мы, беларусы, заваявалі аўтарытэт у Рэспубліцы Малдова і ведаем, што планку заўсёды трэба трымаць на высокім узроўні.

Юры Статкевіч