Памёр Аляксандр Міцкевіч, пляменнік Якуба Коласа

Сумная вестка прыйшла з Нью-Ёрка. 28 красавіка памёр пляменнік Якуба Коласа грамадскі дзеяч Аляксандр Міцкевіч.

Аляксандар Міцкевіч нарадзіўся у вёсцы Мікалаеўшчына ў сям’і Міхаліны Міцкевіч, сястры Якуба Коласа, у 1919 г. Напярэдадні Другой сусветнай вайны скончыў настаўніцкія курсы і працаваў настаўнікам у Жыгалкаўскай вясковай школе. У 1944 г. выехаў на эміграцыю: Аўстрыя — Францыя — Бельгія. Спрабаваў вучыцца на філасофскім аддзяленні Лювенскага ўніверсітэта, але не скончыў. У 1955 г., атрымаўшы запрашэнне ад дзядзькі — Міхася Міцкевіча (брата Якуба Коласа) — перабраўся ў ЗША. Жыў у Нью-Ёрку. Быў сябрам Беларуска-амерыканскага задзіночання, уваходзіў у Галоўную ўправу арганізацыі, кіраўніцтва Нью-Ёрскага аддзелу. Ад 1965 г. быў сябрам рэдкалегіі ды распаўсюднікам газеты “Беларус”. У 1980—1990-х выдаваў бюлетэнь“Весткі й паведамленьні Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА”. Радны БНР. Больш пра Аляксандра Міцкевіча можна пачытаць тут: http://news.tut.by/society/143686.html

Наталля Гардзіенка

 
Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" смуткуе з нагоды смерці Аляксандра Міцкевіча і выказвае глыбокія спачуванні ўсім яго блізкім. Светлая памяць!