Развітацца са святаром у царкву Святой Марыі ў Лондане прыйшлі больш за 100 чалавек — актывісты беларускай дыяспары, сябры Аляксандра Надсана. Адпяванне працягвалася каля дзвюх гадзінаў, яго праводзілі дзесяць святароў на чале з біскупам украінскай царквы.
Падчас службы гаварылася, што айцец Надсан — светлы чалавек вялікай душы і памяць пра яго будзе назаўсёды ў тых, хто яго ведаў і тых, каму ён дапамагаў. Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла сказала, што яна з вялікім жалем развітваецца з айцом Аляксандрам, але таксама і з радасцю за тое, што Беларусь мае такіх людзей, якія сваім прыкладам даюць пэўную надзею на тое, што Беларусь будзе вольнай.
Браян Бэнэт, былы амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі, а цяпер кіраўнік Англа-беларускага таварыства падчас развітання казаў пра надзвычай важную ролю ў жыцці беларускай дыяспары, якую адыгрываў айцец Аляксандар Надсан.
Цырымонія развітання пачалася 28 красавіка. Труну з целам спачылага айца Аляксандра Надсана выставілі для развітання ў Марыян Хаўз у Лондане ў царкве, дзе дзесяцігоддзі служыў Аляксандар Надсан, дзе ён кожную раніцу маліўся за Беларусь. Удзел у развітальнай цырымоніі бралі старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла і Апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Апостальскі візітатар для беларусаў-католікаў у замежжы а. Аляксандар Надсан знайшоў свой апошні спачын на найвялікшых у Вялікабрытаніі што да колькасці пахаванняў могілках святога Панкрата ў Лондане. Там пахаваныя беларускі грэка-каталіцкі біскуп Чэслаў Сіповіч, архімандрыт Леў Гарошка, айцец Язэп Германовіч, айцец Тамаш Падзява, айцец Фелікс Журня, айцец Кастусь Маскалік, а таксама і іншыя беларускія дзеячы.
Айцец Аляксандар Надсан памёр у Лондане 15 красавіка.