У Беластоку прэзентавалі беларускія кнігі

Два беларускія выдавецтвы прэзентавалі свае кнігі на сустрэчы з чытачамі ў межах Міжнароднага кніжнага кірмашу ў Беластоку. Гэта “Галіяфы” з кнігай Юрыя Гуменюка “Краіна няздзейсненых мараў” ды “Янушкевіч”, у якім выйшла кніга Анатоля Трафімчыка “1939 год і Беларусь: забытая вайна”.  Як кажа дырэктар выдавецтва Андрэй Янушкевіч, галоўнае – не толькі выдаваць гістарычную літаратуру, але і даносіць да чытача гісторыю ў даступным выглядзе:

– Я для сябе абраў такую місію: з аднаго боку – папулярызацыя гісторыі, з другога – знаёмства чытача з якаснымі прафесійнымі напрацоўкамі нашых навукоўцаў. Каб яны пісалі папулярныя кнігі, каб яны добра чыталіся, каб гэта была добрая літаратура нонфікшен. І кніга Анатоля Трафімчыка – гэта такая першая ластаўка. Зміцер Вішнёў – дырэктар выдавецтва “Галіяфы”: –  Цікавая сама асоба – неардынарная, яркая, творчая. Юры ў 90-ыя гады быў адным з самых яскравых паэтаў. Ну, і хацелася неяк падтрымаць ягоную спадчыну.

На жаль, прэзентацыя беларускіх кніг сабрала менш дзясятка наведнікаў. Міжнародны кніжны кірмаш праходзіў у будынку Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку. Агулам у ім узялі ўдзел пяць выдавецтваў з Беларусі.