У Беластоку прэзентавалі “Новую беларускую драматургію”

“Новая беларуская драматургія” – трохтомную анталогію твораў маладых беларускіх драматургаў, перакладзеную на польскую мову, прэзентавалі ў Беластоку ў рамках гастроляў Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Гісторык драматургіі і ўсходнеславянскага тэатра Андрэй Масквін збіраў творы сучасных драматургаў і перакладаў іх на польскую мову. Стваралася першапачаткова анталогія пераважна для адмыслоўцаў.

- Хачу, каб у Польшчы ведалі пра сучасную беларускую драматургію. Бо гэтыя тэксты мне здаваліся вельмі вартаснымі. Але цяпер, калі гэта ўжо зроблена, мне захацелася, каб і тэатр зацікавіўся гэтым. Я раблю шмат для таго, каб гэтыя тэксты трапілі ў тэатр. Адбыліся чытанні некаторых тэкстаў менавіта тут, у Беластоку, таксама ў Варшаве, Любліне, Вроцлаве. Я стараюся, каб праз чытанні і гледачы, і тэатр даведаліся пра гэтыя тэксты.

У рамках гастроляў Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ў Беластоку ўжо паказалі спектакль “Адвечная песня”, яшчэ сёння ў драмтэатры імя Аляксандра Венгеркі спектакль “Раскіданае гняздо” паводле Янкі Купалы.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток