10 красавіка споўнілася б 50 гадоў Сяржуку Вітушку – лідару беларускага моладзевага адраджэння.
Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, кіраўнік легендарнай менскай „Талакі” – адной з першых напаўпадпольных незалежніцкіх арганізацый у часы Савецкага Саюза. Гэта былі неспакойныя часы, за дзейнасцю Сяржука сачылі тагачасныя службы, узгадвала часы „Талакі” ў "Раніцы з "Рацыяй" Людвіка Кардзіс-Вітушка:
– Ён быў сапраўдным лідарам, ён умеў згуртаваць вакол сябе людзей. Таму хутка трапіў пад прыцэл тагачасных спецслужб. Ціск быў вельмі моцны. Яго пастаянна выклікалі на размовы адпаведныя службы. І яму казалі: „Што ж ты робіш? І ў Вячоркі, і ў Сушы ёсць бацькі, ёсць плечы. А ты – сірата (яго бацька на той момант ужо памёр)!” Нават такі метад выкарыстоўвалі. Маці таксама выклікалі. Але ў ягонай ў сям’і было паразуменне. Ягоная маці сказала такую рэч: “А што, лепш, каб яны стаялі пад пад’ездам ды віно пілі? Яны збіраюцца і займаюцца адраджэннем нацыянальнай культуры.” Пасля гэтага яе перасталі выклікаць у органы. Працаваць у той час было вельмі складана тым, хто займаўся адраджэннем. Я ведаю шмат людзей, якіх “апрацоўвалі” спецслужбы. Спрабавалі завербаваць. Мы былі як тыя белыя вароны. А хто ў той час у Менску размаўляў па-беларуску? Толькі вузкае кола людзей.
РР: Сяржук загарэўся ідэяй адраджэння Беларускага музею, які існаваў у міжваенны час у Вільні. Гэтая ідэя жыве. Музею, на жаль, пакуль што няма. Ці ёсць нейкія зрухі ў гэтай справе?
Людвіка Кардзіс-Вітушка: Ёсць невялікія зрухі. Ёсць кола зацікаўленых навукоўцаў, якія згодныя працаваць. Мы супрацоўнічаем з мэрыяй у справе памяшканняў.
РР: Аднойчы Сяргей Дубавец сказаў, што побач з Сяржуком Вітушкам чалавек станавіўся лепшым, ён нёс вялізны зарад аптымізму. У яго быў адзіны азімут – Беларусь.
Людвіка Кардзіс-Вітушка: Калі б не хвароба, ён вельмі шмат мог зрабіць. Дай Бог, каб у Беларусі хутчэй з’явіўся такі лідар, які б мог сабраць вакол сябе хай не ўсю краіну, а хаця б яе большую частку. Тады ў нас усё атрымаецца!
Сяргей Вітушка памёр у віленскай лякарні 2 ліпеня 2012 году. Цяпер „Талака” стала сімвалам моладзевага супраціву 80-тых – пачатку 90-тых гадоў. Пад кіраўніцтвам Вітушкі „Талака” займалася гістарычна-асьветніцкай дзейнасцю. Яе актывісты ўдзельнічалі ў археалагічных раскопках і рэстаўравалі помнікі, змагаліся за стварэнне беларускіх класаў і школаў. Рабілі ўсё адпаведна назве – талакой. З 1991 году Сяргей Вітушка жыў у Вільні, працаваў у беларускай школе, на радыё і тэлебачанні. Страціўшы зрок, не спыніў актыўнае дзейнасці, у прыватнасці, арганізоўваў „сляпыя экскурсіі” для беларусаў па старажытнай сталіцы ВКЛ, шмат пісаў казак, п’ес-батлеек і вершаў. У 2011 годзе выйшла ягоная кніга „Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі!”. Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.