Майстар-клас «Гуканне Вясны» для беларусаў Малдовы

Родная Зямля-матухна,

Прачынайся ўжо песняю!

З далечы ляцяць жаўрукі!

Чуюцца гукі спрадвечнага свята!

 Свята... Гуканне вясны!

 

Кожны народ варты роўна столькі, колькі застаецца ад яго жыццёвага вопыту, што працягваецца на вопыце наступных пакаленняў. Існаванне кожнага народа вызначала яго традыцыi. Паняцце «традыцыя» ўзыходзіць да лац. traditio, да дзеяслова tradere, які азначае «перадаваць». Па сутнасці, традыцыя ёсць форма захавання пэўнага народа ў свеце. Вось чаму вывучэнне, захаванне, папулярызацыя і развіццё беларускіх традыцый - адна з асноўных мэт Беларускага культурнага руху Малдовы.

Каб рухаць у нагу з часам нашы беларускія традыцыі сярод беларускай дыяспары і паколькі за спінай актывістаў культурнага руху ўжо ёсць паспяховы для Малдовы вопыт гукання вясны па-беларуску, Праўленне БКРМ вырашыла выкарыстаць ў практыцы сваёй этнакультурнай дзейнасці яшчэ адну інтэрактыўную форму навучання і абмену вопытам — майстар-клас. Гэты спосаб узаемадзеяння забяспечвае перадачу вопыту і майстэрства, бо асноўны прынцып любога майстар-класа: «Ведаем, як гэта рабіць. Навучым вас».

Вырашана – зроблена: 4 красавіка Беларускі культурны рух Малдовы пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова правёў майстар-клас «Гуканне Вясны» для маленькіх і дарослых беларусаў Малдовы.

Запрошанымі гасцямі ў Пасольстве Беларусі ў Кішынёве сталі прадстаўнікі Беларускай абшчыны ў Рэспубліцы Малдова, Асацыяцыі «Беларусь» муніцыпія Кішынёў і Таварыства дружбы і супрацоўніцтва «Беларусь-Малдова».

Усе разам мы выдатна справіліся з пастаўленымі на майстар-класе задачамі: распавялі пра традыцыю старажытнага абраду «Гуканне Вясны» на беларускіх землях і яго асаблівасцях, БКРМ падзяліўся з прадстаўнікамі беларускай дыяспары сарэтамі сваёй методыкі «Гукання вясны», якая паспяхова ўжывалася ў Малдове. Таксама мы правялі практычны трэнінг, падчас якога перадалі і замацавалі дзейсную тэхналогію гукання вясны ў Малдове, так бы мовіць, на практыцы яшчэ больш праверылі, пацвердзілі і замацавалі наш «гукальны рэцэпт».

Так, напрыклад, тым беларусам Малдовы, хто прыйшоў на майстар-клас «Гуканне Вясны» стала зразумелым, навошта беларусам вясной патрэбен пранізлівы гук "Гу-у-у-у", дзе, калі і як яго лепш за ўсё ўтвараць. Мы ўсе разам разабраліся што такое песні-вяснянкі і навучыліся іх спяваць. Даведаліся, чым жа так каштоўныя вясной жаўрукі - першыя маленькія, але вельмі пявучыя птушкі, і што за скарб, згодна беларускай міфалогіі, прыносяць яны ў сваіх маленькіх дзюбках ўсім беларусам. З радасцю і задавальненнем успомнілі, хто такая Ляля і ўявілі сабе гэтак жа, як калісьці ўяўлялі нашы старажытныя беларускія суродзічы, як яна павінна выгядаць і ў што павінна быць апранутая. Разабралі па костачках нашу, сучаснымі словамі гаворачы, добра забытую інавацыю - Бабу-Марэну: што гэта за дух такі, чым яна займаецца, з кім сябруе і чым яе прысутнасць так турбуе і трывожыць беларусаў, а галоўнае - што неабходна зрабіць, каб ад яе пазбавіцца. А яшчэ мы, беларусы Малдовы, добра ведаем, навошта старажытным беларусам быў патрэбен бог, якога звалі Лада ці Лад, і чаму актуальнасць яго прысутнасці не знікла і сёння.

Шаноўныя землякі і беларусы замежжа, трэба сказаць, што, гукаючы вясну ў Малдове ў той ці іншай форме вось ужо трэці год запар, мы сапраўды пераконваемся ў бездакорнай эфектыўнасці гэтай старажытнай беларускай традыцыі. Пішу гэты артыкул ужо праз некаторы час пасля нашага абраду і разумею, што надвор'е на дварэ канкрэтным чынам змянілася: пасля двух дзён наймацнейшага ветру і дажджоў непагадзь сціхла, бо запанавала на небе цёплае доўгачаканае сонейка! А што гэта значыць?.. Правільна: дагукалiся - вясна!

Жадаем усім паспрабаваць!

 

Ганна Мазур