Беларускі размоўны клуб у Кіеве запрашае

Андрэй Бугай — кіяўлянін, які больш за 5 год таму заснаваў Беларускі размоўны клуб у Кіеве. Пра гісторыю сваёй зацікаўленасці беларускай мовай, пра тое, як з'явілася ідэя заснавання клуба, пра яго гісторыю і пэрспектывы Андрэй распавёў "Свабодзе".

— Зацікаўленасць у беларускай мове ў мяне ўзнікла дзякуючы зацікаўленасці ўкраінскай мовай і ўвогуле мовамі, якія падобныя да яе. Толькі, у адрозненне ад польскае ці рускае мовы, беларуская амаль нідзе не сустракалася, толькі зусім зрэдку можна было яе сустрэць недзе ва Украіне на той час — гадоў 10–15 таму — і то зусім выпадкова.

Напрыклад, абсалютна выпадкова я натрапіў на рэпартаж пра трактарныя гонкі ў нейкай аўтамабільнай перадачы, і рэпартаж гэты быў беларускі, пра гонкі ў Беларусі. І яго пусцілі як ён быў, па-беларуску, не перакладаючы — таму што і так зразумела. Гэта першы мой кантакт з беларускай мовай.

Потым па радыё «Рокс» я аднойчы сустрэў рэпартаж з кімсьці з гурту «НРМ», мабыць, з Лявонам Вольскім, і ён размаўляў па-беларуску, а вядучы размаўляў па-ўкраінску — і мне вельмі спадабалася, як яны адзін аднога разумеюць. І як гучыць беларуская мова, мне спадабалася. І я падсеў вельмі на «НРМ» пасля гэтага.

 

Увогуле мая зацікаўленасць да беларускае мовы ўзнікала вельмі паступова — таму што яе не было навокал, і, адпаведна, я пра яе нячаста згадваў.

— Скажы, а сама ідэя заснаваць беларускамоўны клуб — яна ўзнікла сама па сабе, ты не браў прыкладу з іншых моўных клубаў?

— Калі я ўжо добра зацікавіўся канкрэтна беларускай мовай і пачаў слухаць шмат музыкі, пасіўна ўспрымаць беларускамоўную інфармацыю, пачаў ужо пераходзіць да актыўнага размаўляння па-беларуску, у мяне ўжо сябры з'явіліся, я раз ці два ездзіў да Беларусі і на фестываль беларускага року ва Украіне, я заўважыў, што першыя пару гадзін мне вельмі цяжка размаўляць па-беларуску, я забываюся словы час ад часу. І ўжо ведаючы, што існуе шмат розных размоўных клубаў, асабліва англійскае мовы, я вырашыў стварыць такі самы, але для беларускае мовы, і выводзіць яе веды на актыўны ўзровень. Каб я мог пераключацца з украінскае на беларускую так, як пераключаюся на англійскую ці рускую.

— А як удалося знайсці людзей, якія таксама зацікаўленыя ў беларускай?

— Насамрэч у мяне было такое пытанне: ці знойдуцца людзі, ці знойдзецца дастаткова людзей. А тое, што людзі знойдуцца, я быў упэўнены. Час ад часу — гэта было 5 гадоў таму — сустракалася інфармацыя, што хтосьці дзесьці размаўляе па-беларуску ці цікавіцца гэтым як мінімум. І аднойчы да мяне ў «Укантакце» пастукалася дзяўчынка (у мяне там напісана, што я размаўляю па-беларуску) — «Прывітанне, а як вы вывучылі беларускую мову і дзе ў Кіеве можна вывучыць беларускую мову, ці ёсць нейкія курсы?»

— Гэта ўкраінка была?

— Украінка яна, кіяўлянка, проста чалавеку была цікавая чамусьці беларуская мова. І я падумаў, што калі ёсць людзі, якія актыўна шукаюць беларускую мову, то існуе ў 5–10 разоў болей людзей, які не шукаюць актыўна, і ім дастаткова сказаць: а, у нас ужо ёсць клуб, прыходзьце і размаўляйце. Я ёй сказаў, што курсаў няма ніякіх, але ёсць думка стварыць размоўны клуб, яна сказала: о, я б хадзіла. І я вырашыў, што калі ёсць такія людзі — іх трэба проста знайсці.

— І як ты шукаў людзей, праз сацыяльныя сеткі таксама?

— Спачатку я стварыў проста групу «Белразмоўклуб» ва «Укантакце» і пачаў шукаць у Кіеве людзей, якія цікавяцца беларускай мовай. Вельмі часта людзі, якія цікавяцца беларускай мовай у Кіеве — яны цікавяцца таксама ўкраінскай, яны патрыёты. Адпаведна, проста шукаеш сярод патрыётаў яшчэ такіх, якія цікавяцца яшчэ і беларускай.

— А гэта ў большасці людзі без беларускіх каранёў, этнічныя ўкраінцы?

— Збольшага так. Мы стварыліся ў 2009 годзе, улетку я пачаў гэтую справу, а ўвосень мы ўпершыню сустрэліся. І гады 2–3 у нас амаль не было беларусаў, усе былі ўкраінцы. Пару разоў прыходзіў адзін ці другі беларус, але насамрэч яны шукалі не беларускую мову, а іншых беларусаў.

— Яны лічылі, што знойдуць там землякоў?

— Так, так — прыходзілі, бачылі, што не, няма землякоў, адны ўкраінцы, яшчэ і па-беларуску размаўляюць — і сыходзілі. А потым ужо праз гады 3–4 пачалі з'яўляцца і зараз стабільна ходзяць 2–3 беларусы. Часта людзі прыходзяць, ходзяць год-два актыўна, а там ужо альбо іншым чымсьці яны зацікавяцца, альбо працягваюць хадзіць, зазвычай калі дзяцей заводзяць — то перастаюць.

— Ці ёсць іншыя фарматы, акрамя сустрэчаў, ці арганізоўваюцца нейкія акцыі, акрамя проста так — сабрацца ў рэстарацыі, пасядзець, пагутарыць?

— Напрыклад, мы адзначаем дзень народзінаў Караткевіча. Я ўвогуле люблю Караткевіча, мне падабаецца, як ён піша, калі мяне пытаюць, што пачытаць па-беларуску — я раю Караткевіча. Адпаведна, ён у нас у клубе папулярны, Караткевіч жа ж у Кіеве вучыўся, у нас тут помнік ёсць яму ля амбасады, мы ходзім да яго помніка, чытаем вершы, неяк адзначаем. У мінулым годзе атрымалася неяк пазітыўна, нас чалавек дзясятак быў, вельмі добра правялі час. Там яшчэ цікава: ахова амбасады — гэта ўкраінцы, калі нейкая моладзь у цемры да помніка прыйшла — яны так напружыліся, а потым мы ім распавялі, што гэта беларускі пісьменьнік, што ён пісаў і пісаў цікава.

— Такую адукацыю правялі аховы амбасады Рэспублікі Беларусь.

— Так, правялі адукацыю.

— А вось скажы, ёсць жа таксама ў Мінску ўкраінамоўны размоўны клуб? Ці ёсць нейкае супрацоўніцтва паміж вашымі арганізацыямі, ці ладзіце вы нешта супольнае, ці, магчыма, хочаце зладзіць?

— Супольнага такога мы нічога пакуль што не ладзім, мы з імі кантактуем. Яны ўжо тры гады існуюць. З Кацяй, якая яго арганізавала, мы сябруем даўно, яна з Берасця і нядрэнна размаўляе па-ўкраінску. Але нейкіх супольных праектаў мы пакуль што не рабілі.

— Але зробіце?

— Насамрэч трэба зрабіць.

— Напрыканцы, што б ты мог парадзіць беларусам, якія кажуць — мы б хацелі размаўляць на роднай мове, але не маем дзе яе вывучыць або дрэнныя настаўнікі былі ў школе? Як украінец, які вывучыў гэтую мову і папулярызуеш яе.

— У мяне калега вось кітайскую вывучыў. Беларусу, які жыве ў Беларусі, ці ўкраінцу, які жыве ва Украіне, гэта не так складана, трэба жаданне. Вось як я вучыў: не трэба напружвацца, я проста слухаў песні, прызвычайваўся да словаў...

— Не было страху ўпершыню размаўляць з носьбітамі мовы?

— Упершыню было нязвычна, мне хацелася размаўляць, чалавек да мяне звяртаецца па-беларуску — як я да яго буду? Вядома, я мог па-ўкраінску адказваць, але пасіўна я ўжо ведаў шмат словаў, хацелася адказваць па-беларуску. Цяпер калі да мяне беларусы звяртаюцца і кажуць: размаўляй з намі па-ўкраінску — мне лягчэй з імі па-беларуску гаварыць, таму што я ўжо ведаю гэтыя словы. Калі ёсць матывацыя, ты можаш знайсці пару чалавек, з якімі ты будзеш размаўляць ці як мінімум перапісвацца па-беларуску — ужо будзе такая практыка. А цяпер яшчэ курсаў паадкрывалася — там можаш і людзей знайсці, і даведацца тое, што не ведаў альбо забыў пра беларускую мову.