Дзень Волі ў Таронта прайшоў з размахам

У нядзелю, 29 сакавіка, сябры Згуртавання беларусаў Канады адзначалі Дзень Волі.

Пасля ўрачыстай багаслужбы і абеду ў сяброўскім коле былі зачытаныя віншаванні, што надышлі ў ЗБК з нагоды свята.

Сур'ёзныя і глыбокія гістарычныя лекцыі былі аздобленыя жвавым выступам таронтаўскага спеўнага гурту «Яваровы людзі».

Першы даклад прэзентавала кандыдат гістарычных навук Галіна Сяргеева (у мінулым — старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі). Спадарыня Галіна не толькі распавяла пра гістарычныя падзеі, што датычыліся гэтай памятнай даты, але і пра іхныя наступствы, уздзеянне на далейшую гісторыю Беларусі, ажно да нашых часоў.

Другі даклад ладзіў Першаіерарх Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, Архіепіскап Наваградскі і Паўночнаамерыканскі Святаслаў.

З выкарыстаннем гістарычных мапаў ён распавёў пра тое, як праз стагоддзі разам ішлі беларускі народ, беларуская дзяржава (ад старажытных княстваў да сучаснае Беларусі) і беларуская Царква. На жывых прыкладах ён даводзіў, як са зменамі межаў дзяржавы ды ўладаў змяняліся межы ды жыццё нацыянальнае Царквы, як цесна павязаныя лёсы Бацькаўшчыны й Царквы.

Паміж двума гістарычнымі расповедамі шмат радасці і вясновага настрою прынеслі спевы беларускага канадскага гурта «Яваровы Людзі».

Усе ў зале так прачуліся мілагучнымі беларускімі народнымі спевамі ды акторскім талентам гурта, што ў карагод разам з «Яваровымі людзьмі» сталі амаль усе прысутныя – і стары, і малы.

Па сканчэнні свята сябры яшчэ доўга не разыходзіліся, ведучы гаворку на роднай мове, чаго часам так не стае на эміграцыі.