Святочнае мерапрыемства ў Маямі сабрала як беларусаў, якія пражываюць у Паўднёвай Флорыдзе, так і прыезджых.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла і сакратар па адукацыі Рады Ала Орса-Рамана далучыліся да святочных мерапрыемстваў, арганізаваных суполкай Беларуска-Амэрыканскага Задзіночання БАЗА ў Паўдневай Флорыдзе.
Урачыстая канферэнцыя прайшла пад назвай «Беларусь: Мы Маем Надзею». У яе межах выступілі некалькі прамоўцаў, якія падкрэслілі, што Беларусь мае вялікі шанец вярнуцца да дэмакратычнага ладу.
Як адзначыла Івонка Сурвілла, падмуркі закладзеныя былі амаль сто гадоў таму. Абвяшчэнне БНР — адна з самых значных падзей для сучаснай гісторыі Беларусі, бо менавіта БНР, а не БССР, заклала аснову беларускай дзяржаўнасці. Івонка Сурвілла правяла паралель з вядомай прамовай Марціна Лютэра Кінга «Маю мару» пра Амерыку ў 60-ых. Яны, чарнаскурыя амерыканцы, марылі мець праўдзівую дэмакратыю і роўнасць у сваёй краіне. І беларусы таксама маюць усе падставы мець надзею на свабодную і дэмакратычную Беларусь.
Сакратарка Паўднёва-Флорыдскага аддзелу БАЗА Паліна Прысмакова ў сваім выступе распавяла, што наведвала больш за 50 арганізацыяў Гарадзенскай вобласці, мэта якіх - дапамагаць беспрацоўным, сталым, вэтэранам і шматдзетным сем’ям. Паводле вынікаў даследавання, прадстаўнікі недзяржаўных і дзяржаўных арганізацыяў ахвотна ўдзельнічаюць у дабрачынных праектах.
«Свабодная дэмакратычная Беларусь мае надзею на існаванне, пакуль у ёй жывуць такія цудоўныя людзі, — падсумавала Паліна. — Бо калі запытаешся іх, каго яны любяць, адказ будзе: люблю Беларусь! А то ўзаемна!»