25 сакавіка ў Празе актывісты беларускай дыяспары прыйшлі на Альшанскія могілкі, каб ушанаваць памяць прэзідэнтаў Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Удзельнікі акцыі ўсклалі вянкі і кветкі на магілы прэзідэнтаў Рады БНР Пятра Крэчэўскага і Васіля Захаркі, запалілі свечкі.
Намеснік старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык сказаў, што заснавальнікі Беларускай Народнай Рэспублікі «жылі надзеяй — і перадалі гэтую надзею новым пакаленням, тым, хто дамогся незалежнасці Беларусі і хто сёння змагаецца з аўтарытарным рэжымам на Бацькаўшчыне. Гэтая надзея, якую пранеслі яны праз усё сваё жыццё і якая дапаможа цяперашнім пакаленням зрабіць Беларусь дэмакратычнай і вольнай».
Алесь Лукашук распавёў пра планы ўпарадкавання могілак прэзідэнтаў БНР, якія даглядае беларуская грамада ў Празе.
Адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту, палітык і мовазнаўца Вінцук Вячорка сказаў, што чытаючы дакументы і публікацыі часоў Беларускай Народнай Рэспублікі, ён уражаны, наколькі дакладна аргументы непрыяцеляў БНР паўтараюцца сёння тымі, каму недаспадобы беларуская незалежнасць. Вячорка адзначыў, што абвяшчэнне БНР дазволіла легітымізаваць ідэю дзяржаўнасці Беларусі і ў выпадку самай катастрафічнай для краіны сітуацыі (якую нельга дапусціць) адрадзіць Незалежнасць.
Таксама пражскія беларусы і госці з Мінску паклалі кветкі да магілы спевака Міхася Забэйды-Суміцкага. Аляўціна Вячорка прыгадала прыезд спявака ў Берасце і ягоны канцэрт. А Ян Максімюк распавёў, як успрымалі творчасць Забэйды-Суміцкага ў Беластоку.