Беларускія «Пасланні» Вільнюсу

У вільнюскай выставачнай зале «Тытанік» з вялікім поспехам ажыццяўляецца праектБеларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў «Пасланні». Гаворка ідзе пра актуальныядасягненні творчых школ Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У аснову пакладзеныкуратарскія канцэпцыі павільёна Беларусі на 56-й Венецыянскай біенале: «Пісьмы свайго часу» і «Час, які злавілі» (аўтары Кацярына Кенігсберг, Ганна Біжык, Алена Русакевіч, ТарасКучынскі-Паравы).

У рамках праекта ў Вільнюсе прадстаўлены графіка і фатаграфіка, інсталяцыі, жывапіс, фатаграфіі, літаграфіі беларускіх мастакоў — удзельнікаў нацыянальных і міжнародных мастацкіх выстаў і пленэраў.

Выстава цікавая і тым, што побач экспануюцца работы вядомых і зусім маладых мастакоў Беларусі. Тут, напрыклад, можна ўбачыць работы рэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіла Баразны; прафесара, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Зінкевіча і студэнтаў акадэміі Алеся Багданава, Алены Русакевіч або Тараса Кучынскага-Паравога.

«Ствараецца ўражанне, што за апошняе 20-годдзе мастацтва ў Беларусі расквітнела, стала разнастайным, сучасным, але не страціла і свайго самабытнага нацыянальнага каларыту. Сфарміравалася новае плённае пакаленне беларускіх мастакоў, здольнае самастойна арыентавацца ў сучасным, далёка не адназначным мастацкім свеце. Відаць, што сучаснае мастацтва суседзяў ставіцца ўважліва не толькі да навакольнага асяроддзя, яно даследуе новыя формы выказвання, пранікае ў актуаліі сучаснасці, экзістэнцыі чалавека. Добра, што творчы падыход стаў дамінаваць, гэта дапамагае перамагчы аднастайнасць і інертнасць», — сказаў карэспандэнту «Звязды» вядомы літоўскі мастацтвазнаўца Альбертас Вайдзіла.

Выстава «Пасланні» стала адной з найбуйнейшых прэзентацый сучаснага мастацтва Беларусі ў Літве за апошні час.

Вітаўтас ЖЭЙМАНТАС, уласны карэспандэнт «Звязды» ў Літве