Выйшаў дзявяты нумар часопіса "КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ". Прадмова рэдактара

Дарагія чытачы часопіса “КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ”!

Прыемна паведаміць Вам аб выхадзе чарговага нумара часопіса. Хачу нагадаць, што наш часопіс быў заснаваны ў снежні 2012 года. Па рашэнні рэдакцыі, пачынаючы з сёмага нумара, часопіс выходзіць пад назвай “КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ” (першыя шэсць нумароў часопіса выйшлі пад назвай “САКАВІК”). За два гады, прайшоўшыя ад выхаду першага нумара часопіса, нашы матэрыялы чыталі каля 7 тысяч наведвальнікаў з 78 краін, большая палова чытачоў з Беларусі.

У чарговым нумары часопіса пытанням нацыянальнага будаўніцтва прысвечаны артыкулы Нелі Бекас “Гібрыдная” самабытнасць мовы постсавецкай Беларусі” (у перакладзе з англійскай мовы), у якім абмяркоўваюцца лінгвістычныя мадэлі беларускай ідэнтычнасці, Пётры Мурзёнка “Які нацыяналізм патрэбен Беларусі”, і частка дыскусіі “Нацыянальнае будаўніцтва і сучаснасць – 2014”, праведзенай часопісам у лістападзе мінулага года (у перакладзе на беларускую мову). У дыскусіі ўдзельнічалі Інга Поповайтэ, Ірына Хадарэнка, Антон Шэхаўцоў і Пётра Мурзёнак.

Пытанні нацыянальнага будаўніцтва і роля ў гэтых працэсах роднай мовы да гэтага часу актуальныя, бо як бы ні даводзілі апаненты, а будаўніцтва нацый працягваецца і ў сучасны, постмадэрны перыяд. Сведчаннем гэтаму – новыя дзяржавы, узніклыя на тэрыторыях былой Югаславіі і Савецкага Саюза. Зберажэнне нацыянальнай ідэнтычнасці і культуры хвалююць не толькі народы новаствораных дзяржаваў, але і даўноўсталяваныя еўрапейскія дзяржавы. Нягледзячы на існуючыя тэндэнцыі да ўтварэння такой наднацыянальнай палітычнай і эканамічнай структуры як Еўрапейскі Саюз, у многіх краінах Еўропы шырыцца рух за ўмацаванне адметнасці культуры, традыцый і гісторыі народаў, якія ў яго ўваходзяць. Немалую ролю ў гэтым адыгрываюць нацыянальныя сілы і партыі. Аднак вырашэнне нацыянальных пытанняў рэч даволі тонкая і далікатная і патрабуе разумення і адукаванасці прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцяў, якія пражываюць у той ці іншай краіне. Нацыяналістычныя рухі не ёсць аднародныя, ад тых, якія прапаведуюць нацысцкую і фашысцкую ідэалогіі, да тых, якія прапануюць вырашаць нацыянальныя пытанні, выкарыстоўваючы прынцыпы ўключнасці, г.зн. такія падыходы, якія задавальняюць усе групы і слаі насельніцтва.

У секцыі літаратуры змешчаны апавяданне Аляксандра Згерскага “Чароўны флікер” і нарыс Галіны Туміловіч “Оттавская рапсодия (или жизнь на границе)”. Апавяданне “Чароўны флікер” напісана ў жанры памфлета, у ім супастаўляецца сюррэальнасць і рэчаіснасць у сучаснай Беларусі. Галіна Туміловіч піша пра ўражанні ад першых гадоў жыцця ў Канадзе, прыводзяцца звесткі аб жыцці знакамітых людзей расійскага і беларускага паходжання, што эмігравалі ў Канаду ў розныя эпохі. Спадзяёмся, знаёмства з гэтымі творамі прынясе Вам сапраўднае задавальненне.

У раздзеле “Юбілеі” мы размясцілі матэрыялы, прысвечаныя шчырай патрыётцы Беларусі Алесі Умпіровіч і вядомай пісьменьніцы і грамадскаму дзеячу Вользе Іпатавай.

Часопіс працягвае працу ў рамках праекта “РАЗАМ”, пашырыў аб’ём матэрыялаў, скіраваных на асвету насельніцтва Беларусі.

Часопіс па-ранейшаму чакае ад чытачоў карысных прапаноў і актыўнага ўдзелу.

Пётра Мурзёнак