У нядзельнай школцы пры Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане 1 сакавіка быў незвычайны дзень – дзяцей вучылі рабіць выцінанкі. Саша Белавокая, прафесійны дызайнер і фатограф, прыйшла падзяліцца сваім хобі. Пакуль дарослыя пілі гарбату пасля нядзельнага багаслужэння, дзеткі з захапленнем вучыліся новаму майстэрству, рабілі з выцінанак паштоўкі на першы дзень вясны і развучвалі новыя словы.
У розныя часы беларуская школа ў Лондане існавала ў розных формах. У 1960-70-х гэта была школа-інтэрнат імя св. Кірылы Тураўскага. У ёй вучыліся толькі хлопчыкі. Яны хадзілі на ўрокі ў суседнюю каталіцкую школу, а ў інтэрнаце ў іх былі дадатковыя заняткі па мове ды іншых беларусазнаўчых дысцыплінах, а таксама яны дапамагалі ў Скарынаўскай бібліятэцы. У 2000-я гады школа стала нефармальнай і адбывалася раз на месяц. Дзеці беларусаў гулялі ў гульні, глядзелі мультфільмы і рыхтаваліся да святаў, напр. Купалля. На Каляды дзяцей бавілі сапраўднай батлейкай, якая мае ўжо шматгадовую трыдыцыю ў Лондане. Той школай займалася др. Караліна Мацкевіч.
У лістападзе мінулага года школа атрымала новае жыццё. Цяпер яна адбываецца штотыдзень у суботы і нядзелі. У школцы ўжо сфармаваліся тры ўзроставыя групы, і ўсімі імі займаецца Наталля Раманчук з Глыбокага. У снежні вучні рыхтаваліся да Калядаў: падрыхтавалі інсцэніроўку ў дадатак да традыцыйнай лялечнай батлейкі. А да Дня роднай мовы, што святкавалі тыднем раней, усе дзеці падрыхавалі беларускія вершы і спевы. Дзецям беларуская мова не даецца проста, бо многія растуць у мяшаных сем’ях, а англійкая мова акружае іх паўсюль. Адраджэнне школы ініцыяваў а. Сяргей Стасевіч, бо ён, як і многія іншыя беларусы ў замежжы, клапоціцца, каб дзеткі, якія растуць далёка ад Бацькаўшчыны, мелі шанец ведаць родную мову і культуру. Школа існуе на дабрачынныя ахвяраванні. Да яе могуць далучыцца і дзеці, і дарослыя. Са школай можна скантактавацца па электроннай пошце: editor@belarusian.co.uk.
Ігар Іваноў
Здымкі Наталлі Раманчук