Нягледзячы на марознае надвор'е і абяцанне снежнага бурану, 1 сакавіка нью-ёрская моладзь Беларуска-амерыканскага згуртавання «Пагоня» сабралася вышэй Манхэтэна на беразе ракі Гудзон, каб адсвяткаваць «Гуканне Вясны».
Загукальныя песні змяняліся карагодамі. Гурбы снегу і замерзлая рака не дазволілі патапіць ляльку — Марэну, што ўвасабляла сабой зіму і зло. Давялося яе спаліць.
Нібы зразумеўшы беларускія спевы, на верхавіны дрэў, што стаялі абапал, раптам прыляцеў і пасеў цэлы вырай птушак.
Пасля ўсе пайшлі ў хатку лодачнае станцыі падсілкавацца, дзе беларускія гаспадыні прыгатавалі рытуальную для Гукання ежу.
Хоць снежная завіруха і ўзмацнілася, усе разумелі, што хутка яе ўлада скончыцца і пачнуцца цёплыя веснавыя дзянькі.