27 лютага Віленскі біскуп Арунас Панішкайціс прыняў у сябе прадстаўнікоў беларускіх грамадскіх арганізацый Вільні.
Вядома, што ў міжваеннай Вільні бурліла беларускае рэліігйнае жыццё, было некалькі святароў, якія служылі па-беларуску, выдаваліся рэлігійныя кнігі, газеты, часопісы. Пасля акупацыі Вільні рускімі беларускае рэлігійнае жыццё спынілася. З набыццём Літвой незалежнасці распачыналіся спробы і па адраджэнні беларускага рэлігійнага жыцця. На вялікі жаль, да сённяшняга дня збольшага яны былі няўдаламі, нягледзячы на тое, што ў Вільні беларусам аддадзены касцёл св. Барталамея. З розных прычынаў, у тым ліку і праз адсутнасць адпаведных святароў, беларускі касцёл так і не стаў беларускім. Беларусы ў ім пачуваюцца чужымі.
З гэтай нагоды і з жаданнем нам дапамагчы прыняў нас Віленскі біскуп Арунас Панішкайціс. Варта адзначыць, што як біскуп, так і Віленская арцыбіскупская курыя даволі прыхільна ставяцца да беларусаў, але пакуль не змаглі знайсці адпаведнага душпастыра.
Падчас візітацыі касцёла св. Барталамея (менавіта гэты касцёл перададзены беларусам) біскуп Арунас Панішкайціс адслужыў св. Імшу. Нягледзячы на тое, што ён служыў у сваім жыцці першы раз па-беларуску, у яго гэта атрымалася. Нават з цяжкасцю верылася, што гэта ён робіць першы раз.
У часе аўдыенцыі біскуп зазначыў, што яму вельмі падабаецца беларуская мова, яе мілагучнасць і меладычнасць. Хаця пакуль не ўсё на ёй разумее, але захапляецца яе прыгажосцю. І паабяцаў больш дэтальна заняцца беларускай мовай і таксама гісторыяй Беларусі. Бо пакуль у яго яшчэ мала ведаў пра Беларусь і беларусаў. Відаць, таму на аўдыенцыі падрабязна распытваў пра беларускія арганізацыі Вільні, пра іх жыццё і дзейнасць.
У размове з намі падзяліўся сваім бачаннем беларускага касцёла ў Вільні. На яго думку, касцёл св. Барталамея мусіць стацца толькі беларускім, і набажэнствы ў ім будуць адбывацца толькі па-беларуску. Цяпер галоўная задача - знайсці для гэтай мэты адпаведнага душпастыра. І паабяцаў са свайго боку для гэтага ўсё зрабіць. Таксама перадаў словы прывітання і падтрымкі ад Віленскага мітрапаліта Гінатараса Грушаса, які цалкам падзяляе вышэйвыкладзеную пазіцыю і таксама паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб беларусы ў Віленскай архідыяцэзіі мелі магчымасць да паўнавартаснага беларускага рэлігійнага жыцця.