15 лютага 2015 г. у віленскім Доме нацыянальных суполак адбылася прэзентацыя набора паштовак “Vilnius — Вільня. Сталіца Літвы ў гісторыі Беларусі. Шпацыр па горадзе з Віктарам Корбутам”, арганізаваная Таварыствам беларускай культуры ў Літве з удзелам аўтара — журналіста, гісторыка, экскурсавода з Мінска Віктара Корбута. Паштоўкі выйшлі ў мінскім выдавецтве “Рыфтур” і адлюстроўваюць 10 мясцін Вільні, звязаных з жыццём і дзейнасцю вядомых беларусаў, а таксама прадстаўнікоў літоўскай і польскай культур. Віктар Корбут прадставіў не толькі паштоўкі, але і сваю кнігу “Минск. Лучший вид на этот город”, якая таксама асвятляе эпізоды беларуска-літоўскай гісторыі.
Аўтар адзначыў важнасць супольных высілкаў усіх замілаваных Вільняй людзей у справе з’яўлення паштовак. Вялікую ролю ў тым, што яны пабачылі свет, адыгралі дызайнер Алена Жданоўская, дырэктар выдавецтва “Рыфтур” Сяргей Плыткевіч, дабрачынны фонд “Вяртанне” і Павел Бераговіч, пасольства Літвы ў Беларусі і пасол Эвалдас Ігнатавічус.
На прэзентацыі прысутнічалі і ўзялі слова Аляксандр Гіль, які ўдзельнічаў у падрыхтоўцы паштовак да друку, Альгірдас Пляпліс, дырэктар цэнтра кансервацыі і рэстаўрацыі дакументаў Нацыянальнай бібліятэкі Літвы імя Марцінаса Мажвідаса, Аляксандр Адамковіч, мовазнавец, сябар Рады Таварыства беларускай культуры ў Літве, Валянцін Стэх, старшыня Беларускага клуба “Сябрына”, Андрусь Старавойтаў, рэпарцёр беларускай праграмы Літоўскага радыё “Тутэйшы час”, жыхары Вільні – як беларусы, так і літоўцы, госці з Мінска. Удзельнікі сустрэчы падкрэслілі важнасць работы Віктара Корбута па папулярызацыі беларускай і беларуска-літоўскай культурнай спадчыны Вільні.
Аўтар у сваю чаргу выказаў спадзяванне, што разам з Таварыствам беларускай культуры ў Літве рэалізуе новыя кніжныя і турыстычныя праекты.
ТБК інф.