У Рызе — добрыя сябры

Ансамбль супляменнікаў “Вытокі” імя Станіслава Клімава, што створаны ў сталіцы Латвіі, умацоўвае творчыя стасункі з мінскім хорам “Родніца”.

Нядаўна гурт “Вытокі” імя Станіслава Клімава святкаваў у Рызе 5-гадовы юбілей. Запрасілі з Мінска і наш Народны хор народнай песні выкладчыкаў і супрацоўнікаў Беларускага дзяржуніверсітэта “Родніца”. Сустракацца з супляменнікамі з Латвіі нам не ўпершыню: летась прымалі “Вытокі” ў нашым універсітэце, калі былі 35-я ўгодкі “Родніцы”. А ўлетку разам адзначалі Дзень Незалежнасці Беларусі. Так што ў Рызе ў нас — добрыя сябры. Горад сустрэў нас святочна, Каляднымі кірмашамі ды камфортным для зімы надвор’ем. І галоўнае, цёпла было на душы ад шчырасці, сардэчнасці, з якою сустракалі нас сябры.

На святочнай урачыстасці ў Рызе сабраліся разам беларусы з розных краін
 
Гурт “Вытокі” дзейнічае пры Беларускім інфармацыйным цэнтры, створаным у Рызе. Урачыстасць пачалася з вітання Алеся Карповіча, старэйшыны гурта. Ён расказаў, як ствараўся калектыў, пра яго першага кіраўніка Станіслава Клімава. Потым нашы сябры спявалі беларускія і латышскія народныя  песні: “Ехаў Ясь на кані”, “Сёння ў нашай хаце свята”, “Расце, расце ружачка” ды іншыя. Мы ўглядаліся ў знаёмыя і блізкія нам твары выканаўцаў. Гэта Людміла Яновіч, Ала Далгова, Ніна Гаршкова, Галіна Уласенка, Аляксандр Антонаў, Ларыса Целічына, Іна Харланава, Марыя Каляда,Таісія Хмялеўская, Фенія Дзянісава. Здаецца, зала дыхала з юбілярамі ў адным рытме. Людзі з багаццем гадоў за плячыма, па сутнасці, спявалі пра сябе: пра свае лёсы, любоў да роднай зямлі.
А ў гурце ж не толькі беларусы, ёсць і латышы Дагмара Сусекле і Рышард Райніс. Дзяцінства апошняга прайшло ў Беларусі, ён добра валодае беларускай мовай і гэта адзін з самых актыўных ўдзельнікаў гурта. Усіх іх аб’ядноўвае любоў да Беларусі, нашай народнай песні. Было сказана многа цёплых слоў у адрас юбіляраў. Павіншаваць “Вытокі” прыйшлі паважаныя ў Латвіі людзі: дырэктар Беларускага інфацэнтра Уладзіслаў Рэдзькін, мастак Вячка Целеш, дырэктар беларускай школы ў Рызе Ганна Іванэ — яна, дарэчы, заканчвала філфак нашага ўніверсітэта. Віншавала сяброў старшыня аб’яднання ўкраінцаў Латвіі Людміла Бялынцава. Віншаванне ад Пасольства Беларусі ў Латвіі зачытаў яго першы сакратар Аляксандр Сушкевіч. У прыватнасці, мы даведаліся, што суполкі беларусаў актыўна дзейнічаюць у розных рэгіёнах Латвіі, а пры Беларускім інфацэнтры хутка запрацуюць курсы беларускай мовы.
“Родніцай” кіруюць Ірына Ярмолік і Міхаіл Шостак, выступленне гурта слухачы сустрэлі цёплымі апладысментамі. Цікава выступіў, віншуючы юбіляраў, і вакальны латышскі гурт “Візія” з Елгавы. Завяршыўся канцэрт супольным выкананнем песні “Беларусь — імя святое”, якую задушэўна-ўзрушана заcпявала наша кіраўніца Ірына Ярмолік, былая салістка знакамітага Хору імя Генадзя Цітовіча.
Пасля канцэрта да нас падыходзілі беларусы. Розныя шляхі прывялі іх у Латвію. Скажам, Віталь Лапа прыехаў па камсамольскай пуцёўцы на будоўлю Рыжскай ГЭС, а Яўген Протас лавіў рыбу на траўлеры. Некаторыя супляменнікі засталіся там пасля службы ў арміі, іншыя прыехалі ўслед за дзецьмі. Кожнаму хацелася пагаварыць з намі, расказаць пра сваё жыццё, пачуць навіны з Бацькаўшчыны. Такіх многа: Зоя Кавальчук з Мёраў, Міхась Саўчук з Пружанскага раёна, Васіль Зайцаў з Рагачоўшчыны, Васіль Трафімчык з Навагрудка, Юзік Цыркановіч з Радашкавіч... Беларусы, дзе б ні жылі, вызначаюцца гасціннасцю і сардэчнасцю. Зразумела, і гэтым разам не абышлося без святочнай бяседы за вялікім сталом, цёплых размоў. Словы ў гонар юбіляраў змяняліся беларускімі песнямі. Спявалі многа і з такой шчырасцю, любасцю і душэўнай цеплынёй, што часам вільготнымі станавіліся вочы. І на аўтавакзале пры развітанні не абышлося без песень. Вакол нас хутка сабраліся людзі: слухалі, спрабавалі падпяваць, фатаграфавалі, запісвалі. Пасля бадзёрай, з запалам выкананай “Бульбачкі” адзін сталага веку чалавек па-беларуску выгукнуў: ”Беларус — і ў Рызе беларус!”
Шчыры дзякуй, дарагія сябры з  “Вытокаў”, што праз гады пранеслі вы любоў да Бацькаўшчыны, не забываецеся пра родныя карані, зберагаеце і пашыраеце нашу народную песню, шануеце матчыну мову. Нізкі паклон усім вам!
Людміла Хрышчановіч, г. Мінск