Беларускія вышыванкі ў бразільскім антуражы

Кампанія прамоцыі нацыянальных сімвалаў пашырае геаграфічныя межы, далучаюцца да яе і дзяржаўныя ўстановы. Прыкладам, у амбасадзе Беларусі ў Бразіліі выстаўленыя ўзоры традыцыйных строяў, а адмысловы плакат на партугальскай мове тлумачыць тубыльцам прыхаваныя таямніцы элементаў беларускага арнаменту.

У дыпламатычным прадстаўніцтве Беларусі ў бразільскай сталіцы Бразіліа гасцей сустракае незвычайная «пара» — два манекены ў жаночым і мужчынскім беларускіх нацыянальных строях. Пра новы элемэнт антуражу «Свабодзе» расказаў саветнік амбасады Сяргей Лукашэвіч, які адказвае і за пытанні культуры. Па ягоных словах, такім чынам распачатая кампанія на прасоўванне беларускіх традыцыяў у «народныя бразільскія масы».

Як удакладняе спадар Лукашэвіч, у беларускай дыпламатычнай установе сістэматычна ладзяцца сустрэчы з палітыкамі, грамадскімі і культурнымі дзеячамі, бізнесоўцамі, і гэта цудоўная нагода, каб далёка за межамі Радзімы «на ўсю моц загучаў голас беларускай культуры»:

«Імправізаваная выстава мужчынскага і жаночага нацыянальнага строю нязменна прыцягвае позіркі наведнікаў беларускай амбасады. Бразільцы наагул цягнуцца да ўсяго новага, дагэтуль ім невядомага. Разам з выставай рэдкіх карцінаў беларускага мастака Івана Хруцкага, якая ўпершыню знаходзіцца ў Лацінскай Амерыцы і перад адпраўкай у вялікае падарожжа па Бразіліі ўпрыгожвае пасольства, глыбокую зацікаўленасць выклікаюць тлумачэнні пра беларускі арнамент на мове бразільцаў, што яшчэ больш раскрывае мясцовым людзям нашы багатыя культурныя традыцыі, — кажа Сяргей Лукашэвіч, адзначаючы, што такі падыход дапамагае і ў іншай справе. — Так праз вышыванку і старажытную культуру мы паступова прасоўваемся да больш матэрыяльных, эканамічных праектаў, і тым самым „чапляем“ першапачатковы інтарэс бразільцаў, не толькі ствараем пазітыўнае ўражанне аб краіне, але і выбудоўваем гандлёвыя адносіны».

Паводле дыпламата, да бразільскага падарожжа твораў Івана Хруцкага далучацца два ганаровыя консулы Беларусі ў гарадах Сан-Паўлу і Гаяніі. Выставы ў гэтых мегаполісах пакліканыя адкрыць бразільцам новую для іх краіну ў цэнтры Еўропы.

Лепшаму разуменню ўнутранай спецыфікі дзвюх культураў маюць паспрыяць і палітычныя крокі. Як паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі, завершаныя ўнутрыдзяржаўныя працэдуры ратыфікацыі пагаднення паміж урадамі Беларусі і Бразіліі аб скасаванні візаў для кароткатэрміновых паездак. Мінск ратыфікаваў згаданы дакумент у апошнія дні мінулага года, цяпер чарга за Бразіліа. Дакумент набудзе моц праз тры месяцы пасля атрымання афіцыйнага паведамлення ад бразільскага боку пра заканчэнне ўнутраных працэдураў па яго ратыфікацыі.

Пагадненнем, у прыватнасці, прадугледжана, што грамадзяне Беларусі і Бразіліі пры наяўнасці адпаведных дакументаў для выездаў за мяжу змогуць знаходзіцца на тэрыторыі дзвюх дзяржаваў з турыстычнымі ці дзелавымі мэтамі без візаў да 90 дзён ад моманту першага ўезду.

Што ж, застаецца спадзявацца, што гэта дазволіць нашмат большай колькасці беларусаў далучыцца да вялікага свята спорту ў наступным годзе, калі Рыё-дэ-Жанэйра будзе прымаць Алімпійскія гульні 2016 года. Адзінае, што перакідванню міжкультурных мастоў аб’ектыўна замінае геаграфічная аддаленасць улюбёнай краіны Астапа Бэндэра ад Старога свету ды дарагоўля дарогі — авіяквіток у абодва бакі транзітам праз еўрапейскія аэрапорты каштуе ў эквіваленце блізу 2 тысяч даляраў на чалавека.