У Польшчы прайшоў сход сябраў Руха Салідарнасці “Разам”

14 студзеня адбылося чарговае пасяджэнне Руха Салідарнасці “Разам” у Варшаве.

Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі палітычную сітуацыю ва Украіне і Беларусі. Было прынятае рашэнне аб удзеле ў акцыях у Варшаве ў падтрымку аднаго з лідараў дэмакратычнага руху Татарстану Рафіса Кашапава і ўкраінскіх актывістаў Міколы Карпюка, Надзеі Саўчанкі, Алега Сянцова і іншых, якія знаходзяцца ў расійскіх турмах. Таксама актывісты Руха Салідарнасці “Разам” возьмуць удзел у акцыях ушанавання памяці герояў Нябеснай сотні 22 студзеня 2015 г.

На пасяджэнні выказвалася занепакоенасць інфармацыяй пра магчымае запрашэнне А. Лукашэнкі на саміт у Рыгу 21-22 траўня 2014 г. і раз’яднанасцю беларускай апазіцыі напярэдадні правядзення рэжымам Лукашэнкі чарговага выбарчага фарсу. Прынята рашэнне аб пікетаванні амбасады Латвіі ў Варшаве ў выпадку пацвярджэння гэтай інфармацыі і зроблена даручэнне кіраўніцтву Руха Салідарнасці “Разам” прыняць заяву пра неабходнасць абрання Міколы Статкевіча адзіным кандыдатам ад апазіцыі.

Таксама на пасяджэнні былі прынятыя 2 заявы: “У падтрымку сябраў Руха Салідарнасці “Разам” ва Украіне, абаронцаў Майдану Алега Аўчыннікава, Змітра Гуніча, Анжалікі Гуніч, Галіны Сарочык, Юліі Шаўлоўскай” і “Свабоду Змітру Лысковічу!”. У першай заяве сярод іншага сябры Руха патрабуюць справядлівага стаўлення да беларусаў, якія вымушаныя шукаць прытулку ва Украіне, і заклікаюць падтрымаць збор подпісаў пад петыцыяй “Просім даць палітычны прытулак беларусам – удзельнікам Майдана”, якая 21 студзеня 2014 г. будзе перададзена ў Адміністрацыю Прэзідэнта Украіны. У другой заяве сябры Руха заклікаюць беларускія і міжнародныя арганізацыі далучацца да кампаніі салідарнасці са Змітром Лысковічам і іншымі 45 украінскімі палітвязнямі і палітрэпрэсаванымі.

Паводле Прэс-службы Руха Салідарнасці “Разам”