Беларуская ялінка ў Таронта

Мароз лютаваў на двары, а ў беларускім цэнтры Таронта панаваў святочны настрой.

З самага ранку тут звінелі дзіцячыя галасы, чуўся смех дарослых. На святочную Ялінку, якая адбылася 11 студзеня, завіталі маленькія беларусы разам са сваімі бацькамі.

Цэлы год дзеткі чакалі гэтага свята. Яны рабілі касцюмы, вучылі вершы, песні. І вось гэты дзень прыйшоў!

Загарэліся рознакаляровыя агеньчыкі на ялінцы, зазіхацелі яркія гірлянды, зайграла музыка — радасная мітусня напоўніла залу.

Спадарыня Валянціна Шаўчэнка запрасіла ўсіх прысутных заняць свае месцы, і свята пачалося!

З вітальнаю песняй да гасцей выйшлі ў святочных строях калядоўшчыкі. Гэта фольк-група «Яваровы людзі» далучыла і малых, і дарослых да старажытнага абраду калядавання, падрыхтаваўшы адмысловую праграму з народнымі песнямі і забаўкамі. Акрамя спявачак, весялілі прысутных і гулялі з дзеткамі Мядзведзь, Бусел, Доктар, Конь і Зайчык.

Вядома ж, дзеці з нецярпеннем чакалі Дзеда Мароза і Снягурку, усе разам клікалі іх у залю да прыгажуні-ялінкі.

Малыя навыперадкі чыталі Дзеду Марозу вершы, спявалі, танчылі. І ўсе дзеткі атрымалі ад яго цудоўныя падарункі! Карагоды вакол ялінкі, гульні, загадкі, танцы захапілі і дзетак, і дарослых.

Да вечара у беларускім цэнтры віравала свята (сабралася 37 дзяцей).

Адыходзячы дадому, бацькі і дзеткі шчыра дзякавалі арганізатарам свята Ірыне Тоўсцік і Алене Лявончанцы за Ялінку. І не было лепшай падзякі падчас развітання, як бачыць шчаслівыя твары маленькіх беларусаў!

Надзея Лявончанка, фота Надзеі Лявончанкі і Наталлі Арбузавай


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение