6 студзеня споўнілася 65 гадоў Беларускай рэдакцыі Радыё Ватыкана.
Ватыканскае радыё — гэта радыёстанцыя Апостальскай Сталіцы з сядзібай у горадзе-дзяржаве Ватыкан. Заснавана Гульельмам Марконі і ўрачыста адкрыта Піем ХІ 12 лютага 1931 г.
На сёння налічвае больш за тры дзясяткі рэдакцый, што вяшчаюць на нацыянальных мовах.
На фота — а. Пётр Татарыновіч
Вяшчанне па-беларуску пачалося 65 гадоў таму.
У 1949 г. ініцыятыўная група, у якую ўваходзілі некаторыя беларусы, сярод якіх кс. Пётр Татарыновіч, а. Леў Гарошка, а. Чэслаў Сіповіч (у будучыні біскуп), а таксама інжынер Рыдлеўскі, пачала намаганні, каб Папскае радыё транслявала свае праграмы і на беларускай мове. Падчас асабістай аўдыенцыі ў папы Пія ХІІ, яны прадставілі Святому Айцу зварот з просьбай дазволіць заснаваць праграму для беларусаў.
Пантыфік даў сваю згоду, і 6 студзеня 1950 г. пачалася рэгулярная трансляцыя праграм па-беларуску.
Менавіта Ватыканскае радыё стала першай радыёстанцыяй за межамі Беларусі, якая пачала вяшчанне на беларускай мове. Першым дырэктарам Беларускай секцыі Ватыканскага радыё стаў а. Пётр Татарыновіч.
Беларуская праграма Ватыканскага радыё перадавала навіны аб жыцці Касцёла ў свеце і дзейнасці пантыфіка. Вялікая частка праграм была прысвечана рэлігійным і адукацыйным тэмам.
Сёння Беларускай рэдакцыяй кіруе а. Аляксандр Амяльчэня.
- .