Aдносна падзеяў у беларускай грамадзе ў Вільні

Нядаўна рэдакцыя газеты "Беларус" атрымала некалькі лістоў з Вільні пра тое, што там групаю віленскіх беларусаў выстаўлены абвінавачанні ў адрас старшыні ТБК Хведара Нюнькі ў маніпуляцыях з беларускай маёмасцю. Ліст аднаго з прыналежных да групы сп. Савянкова напісаны дакладна так:

"Паважаная рэдакция газеты БЕЛАРУС, дасылаю Вам некаторыя матэрыялы аб скандале у ТБК (Вильня) дзе мясцовыя беларусы звярнулися у пракуратуру и у Суд, супраць крыминальных учынкау сваего былога кирауника Федара Нюнько, яки у 1998 г. якабы перабау беларуския дамки у Вильне нейкай фирме, а сам сядзибу ТБК перавеу у маленькую кватэру. Недауна беларуския дамки были прададзеныя с аукциена и беларуская грамада Вильни асталася без маемасци, падманутая сваим жа лидэрам, якога немагли перабраць с пасды кирауника ТБК 25 гадоу. (прыклкдаю дакументы)".

Гэты кароткі тэкст выразна сведчыць пра маральнае аблічча “актывістаў” групы. Яшчэ ў лютым бягучага году мы мелі інфармацыю ў газету ад ТБК пра справаздачна-выбарчы сход і пра тое, што сп. Нюнька быў аднагалосна абраны старшынём ТБК. А цяпер яго раптам абвінавачваюць у крымінальных учынках. І гэта яшчэ да суда, які адзіны можа так кваліфікаваць дзеянні сп. Нюнькі на падставе закона. Аказваецца таксама, што сябры ТБК не маглі пераабраць сп. Нюньку з пасады кіраўніка цягам 25 гадоў. І гэта ў дэмакратычнай еўрапейскай Літве. На нашу думку, не перааабіралі таму, што сп. Нюнька працаваў, вёў гаспадарку, клапаціўся пра памяшканне і аплаты, а тыя, хто сёння яго судзяць, хацелі толькі прысутнічаць на пасяджэннях, выступаць, карыстацца памяшканнямі і не думаць пра тое, як гэтая дзейнасць ТБК забяспечваецца.

Што варта адзначыць, падставаю да абвінавачванняў сп. Нюнькі, як паведамляецца ў дасланых лістах, сталася тое, што раптам атрымалі дакумент пра абмен. Дзе ўзялі і хто раптам "падсунуў" гэтую інфармацыю - не паведамляецца. Чаму менавіта цяпер? А дзе былі шаноўныя сябры ТБК, калі ТБК пакідала дамкі? Тады яны не цікавіліся гэтым дакументам, хаця ведалі пра абмен. Усе клопаты скінулі на сп. Нюньку, а свае абавязкі як сяброў не выконвалі належным чынам.

На нашу думку, менавіта цяпер усплыла гэтая гісторыя таму, што паўсюдна ў беларускім замежжы ідзе брутальны наступ на апазіцыйныя рэжыму Лукашэнкі асяродкі і на канкрэтных асобаў, якія даўно "муляюць" уладам у Мінску. Нехта вельмі ўдала арганізаваў гэтую групу "пратэстоўцаў", якая мае выканаць загад - цкаваць сп. Нюньку, бо падкупіць і прыўлашчыць яны яго не могуць. А знішчыць пажылога чалавека судоваю цяганінаю змогуць. І зробяць гэта рукамі саміх беларусаў. Вось так цяпер працуе "куратар" замежных беларусаў - служба сп. Макея. Нагадаем, што нядаўна, як усім вядома, давялі да адстаўкі у Іркуцку найактыўнейшага кіраўніка беларускай суполкі ў замежжы, сп. Алега Рудакова, нейчымі стараннямі звольнілі з працы ў Беластоцкім універсытэце знанага беларускага гісторыка сп. Алену Глагоўскую. І тое самае адбываецца ў нас тут, у Нью-Ёрку. Чалавек, які адкрыта кантактуе з беларускімі дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі ў ЗША, падаў у суд на кіраўніцтва Беларуска-Амерыканскага Задзіночання за быццам бы асабістыя абразы, хаця такога не было і яго папракалі толькі ў гэтым прызнаным ім самім кантактаваньні, бо БАЗА ніколі не супрацоўнічала і не будзе з прадстаўніцтвамі рэжыму. Уся гэтая справа наносіць вялікую шкоду дзейнасці беларускай грамады ў ЗША, але выглядае, што гэта ёсць мэта і задача.

Увогуле, усё патрыятычнае і сапраўды беларускае, што было створана, арганізавана ў беларускім замежжы падчас новага беларускага Адраджэння высілкамі Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", старой і новай беларускай эміграцы, сёння імкліва разбураецца. Пераважную колькасць беларускіх суполак у замежжы цяпер ужо складаюць лаяльныя рэжыму, якія гатовы супрацоўнічаць з уладамі ў Мінску. Гэта выдатна паказаў сёлетні Фестываль мастацтва беларускага замежжа ў Мінску, на які прыехалі многія і захапляліся, як іх там сустракалі і "прыкормлівалі". Беларусы Малдовы сустракалі Лукашэнку ў Кішынёве хлебам-соллю, выказваюць задавальненне, што кіраўнік Беларусі раней ніколі пад час візітаў у Малдову не кантактаваў з мясцовымі беларусамі, а цяпер вось сустрэўся. Адпаведна з новым законам усе гэтыя гатовыя да супрацоўніцтва замежныя беларусы будуць "падкормленыя" з Мінску. А тых, хто не ідзе па гэтым шляху, будуць цкаваць і пераважна намаганнямі саміх суродзічаў, якія лёгка ловяцца па наіўнасці на такія "вудачкі". Па наіўнасці ці свядома яны становяцца таксама ахвярамі рэжыму. Рана ці позна гэта выплыве навонкі.

Віленскім "змагарам" варта было б вырашаць свае спрэчныя пытанні з дапамогаю Статута ТБК, куды можна ўнесці пункт пра абмежаванне тэрмінаў старшынёўства, быць больш крытычнымі да ацэнкі ўласных паводзінаў, мець павагу да сп. Нюнькі як кіраўніка арганізацыі і не спяшацца абвяшчаць яго крымінальнікам. Не лішне было б агледзецца на тых, хто распачаў гэтую гісторыю і каму гэта цяпер выгадна.

Вярнуць беларусам дамкі ў Вільні - годная мэта. Але факт, як хутка сабраная патрэбная сума (акрамя адвакатаў) выклікае пытанне, хто даў грошы, бо вядома, што сярод віленскіх беларусаў не так ужо шмат заможных. Ці не можа ўся справа са зборам грошай аказацца камуфляжам, а грошы пад нейкім выглядам дасць беларуская амбасада? І беларускае жыццё ў Вільні тады закіпіць пад гучныя фанфары патрыятычнай і гістарычна справядлівай акцыі. Толькі не будзе ўжо там так нялюбага уладамі ў Мінску сп. Нюнькі і ўсё будзе дзеіцца пад схаваным "парасонам" беларускай амбасады. Ці не варта віленскім беларусам у сваім зацятым змаганні са сп. Нюнькам задумацца пра магчымыя вельмі непажаданыя наступствы для нашых нацыянальных інтарэсаў, асабліва ў нашай духоўнай сталіцы - Вільні.

У нашу рэдакцыю было таксама даслана меркаванне сп. Алега Аблажэя ў падтрымку сп. Нюнькі, з якім мы цалкам салідарызуемся. Ягоны глыбокі, сумленны і маральна вывераны аналіз сітуацыі выклікаў нашую павагу і спадзяемся, што да яго прыслухаюцца і пратэстоўцы. Мы далёкія ад таго, каб ідэалізаваць сп. Нюньку ці каго іншага; магчыма, ён заслугоўвае крытыкі, але не тых брудных абразаў і брутальных нападаў, якія арганізаваны людзьмі, што самі далёкія ад ідэалу і якія цалкам здымаюць з сябе адказнасць за арганізацыю. Урэшце, не варта людзям кіравацца законамі "воўчай зграі", калі больш маладзейшыя загрызаюць састарэлага былога важака.

Ганна Сурмач,

рэдактар газеты "Беларус"

Нью-Ёрк.

Снежань, 2014