У Варшаве адбылася паэтычная вечарына Зянона Пазьняка, падчас якой была прэзентавана кніга “Ojczyzna wieczna” – пераклад вершаў на польскую мову. У кнігу ўвайшлі вершы са зборніка “Дарога”, перакладала польская паэтка Ірэна Грынцэвіч.
Зянон Пазьняк зазначыў, што кожны беларус можа пісаць вершы:
- Важна паверыць у сябе. Вось калі ты паверыш, што нейкія пачуцці, якія цябе захапілі, ты зможаш выкласці ў вершы, то ты гэта і зробіш. І беларусы маюць вялікія здольнасці да гэтага. Ім дапамагае нашая мова. Нашая мова – гэта мова паэзіі. Гэта дзівосная мова! Яна мае розныя націскі, розныя формы слова, вельмі шмат сінонімаў – гэта для паэзіі дзівосная мова.
Падчас сустрэчы лідар Беларускага Народнага Фронту таксама адказаў на пытанні, звязаныя з сучаснай палітычнай сітуацыяй.