Днямі ў Лондане Цэнтр Астрагорскага і Англа-беларускае таварыства выдалі беларускую версію нумара «Журнала беларускіх даследаванняў» за 2014 год.
Новы нумар змяшчае артыкулы як знаных навукоўцаў, так і маладых даследнікаў, беларускіх і заходніх аўтараў, якія ахопліваюць шырокі аспект тэм – ад гісторыі беларускай дзяржаўнасці да беларуска-іранскіх дачыненняў і дзейнасці НДА, заснаваных урадавымі структурамі ў Беларусі. У нумар таксама ўвайшлі чатыры кніжныя рэцэнзіі, напісаныя аўтарамі з ЗША, Вялікабрытаніі, Канады і Польшчы.
Змест нумара за 2014 год
Адкрываюць нумар Дарота Міхалюк з універсітэта Мікалая Каперніка (Торунь) і Пэр Андэрс Рудлінг з Лундскага ўніверсітэта. Яны даследуюць развіццё ідэі беларускай дзяржаўнасці падчас нямецкай акупацыі беларускіх земляў у 1918–1919 гадах. Аўтары ўважаюць, што нямецкая адміністрацыя падтрымлівала беларускі нацыянальны рух, каб з яго дапамогай паслабіць іншыя нацыянальныя рухі рэгіёна. У артыкуле таксама звяртаецца ўвага на тое, наколькі папулярнымі сярод тагачасных беларускіх інтэлектуалаў былі ідэі дзяржаўнасці гістарычнай Літвы і «заходнерусізму».
Сяргей Богдан са Свабоднага ўніверсітэта Берліна аналізуе беларуска-іранскія дачыненні, якія ад часу свайго ўсталявання ў 1993 годзе перажылі шэраг якасных і колькасных зменаў. Істотны ўплыў на дачыненні між краінамі мела пераўтварэнне ЗША ў адзіную супердзяржаву, а таксама яе спробы ізаляваць іранскі рэжым. Беларусі ўдалося заключыць шэраг дамоваў з Іранам, нягледзячы на супраціўленне з боку Захаду і дзякуючы хаўрусу з Расіяй, якая абараняла і падтрымлівала розныя аспекты знешняй палітыкі Беларусі, у тым ліку ейны курс на супрацоўніцтва з Блізкім Усходам.
Настасся Матчанка разглядае ролю праўладных недзяржаўных арганізацыяў у Беларусі. У адрозненне ад сапраўды незалежных недзяржаўных арганізацый, праўладныя НДА атрымліваюць непасрэдную падтрымку ад дзяржавы. Аўтарка аналізуе, у якой ступені грамадскія ўтварэнні, што падтрымліваюцца дзяржавай, сімулююць дзейнасць прадэмакратычных арганізацый і наколькі маштабна адбываецца падмена імі аўтэнтычнай грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.
У нумар таксама ўключаныя кніжныя рэцэнзіі Вітаўта Кіпеля, прэзідэнта Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, Арнольда Макміліна з Універсітэцкага каледжа Лондана, Лізаветы Касмач з універсітэта Альберты і Рыгора Астапені з Варшаўскага ўніверсітэта. Тэмы прадстаўленых імі выданняў – асабістыя мемуары, беларускае літаратуразнаўства, палітыка савецкай беларусізацыі 1920-х гадоў і гісторыя Вялікага Княства Літоўскага.
Джым Дынглі, сыходзячы старшыня Англа-беларускага таварыства, змяшчае ў нумары справаздачу пра беларускія падзеі ў Лондане за апошні год. Сярод гэтых падзеяў адзначаная канферэнцыя, прысвечаная ролі Кастуся Каліноўскага ў працэсе нацыятворчасці ў Беларусі, што прыцягнула навукоўцаў з Беларусі, Вялікабрытаніі, Польшчы і Літвы.
З гісторыі «Журнала беларускіх даследаванняў»
У мінулым годзе пасля дваццаці пяці гадоў маўчання «Журнала беларускіх даследаванняў» аднавіў сваю дзейнасць. Паводле задумы «Журнал» павінен стацца платформай, на якой беларускія і заходнія беларусісты змогуць друкаваць вынікі сваіх даследаванняў.
Часопіс выходзіць па-ангельску і па-беларуску. З аднаго боку, гэта дазваляе беларусам паказаць краіну і яе развіццё са сваёй перспектывы на ангельскай мове і ў адпаведнасці са стандартамі заходніх рэцэнзаваных выданняў. З дапамогай часопіса заходнія акадэмічныя структуры бліжэй пазнаёмяцца з беларускімі даследнікамі.
З іншага боку, беларуская версія часопіса дапаможа заходнім беларусістам трапіць у мэйнстрым беларускага навуковага жыцця і прабіцца да больш шырокага кола чытачоў у Беларусі.
Папяровую версію апошніх нумароў журнала можна набыць праз Інтэрнэт. Электронныя версіі артыкулаў з нумароў за 2014 і 2013 гады і ангельскамоўных нумароў з 1965 года можна бясплатна спампаваць на сайце belarusjournal.com.
Журнал запрашае дасылаць артыкулы даўжынёй ад 5 да 12 тысяч словаў і агляды кніг з усіх галін беларускіх даследаванняў. Выданне надае асаблівую ўвагу праблемам беларускага грамадства і гісторыі.
Яраслаў Крывой, рэдактар «Журнала беларускіх даследаванняў», дырэктар Цэнтра Астрагорскага