Набліжаюцца доўгачаканыя зімовыя святы. Кожны з нас менавіта ў гэты час робіцца зноў крышачку дзіцём і, нягледзячы ні на што, у душы абавязкова верыць у калядныя цуды.
7 снежня ў міжнародным выставачнам цэнтры «Moldexpo» Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова разам з Беларускiм культурным рухам Малдовы і афіцыйнымі прадстаўнікамі некаторых вытворцаў беларускай касметыкі, адзення і пасцельнай бялізны узялі ўдзел у зімовым дабрачынным кірмашы 2014, каб шчыра, па-беларуску падараваць часцінку любові, цяпла і каляднага цуду тым, каму яно сапраўды больш за ўсё патрэбна. Арганізатарам мерапрыемства традыцыйна выступіў Міжнародны жаночы клуб Малдовы.
На кірмашы былі прадстаўленыя ўсе акрэдытаваныя ў Малдове дыпламатычныя місіі, а таксама шэраг няўрадавых арганізацый і мясцовых вытворцаў. “Вандраванне-аднадзёнка па свеце, дзе кожная дзяржава прадстаўляе нешта сваё нацыянальнае і ўсё па вельмі даступных цэнах”, - так прарэкламавалі арганізатары сваё мерапрыемства. У наведнікаў выставы была магчымасць пакаштаваць нацыянальныя стравы і напоі розных этнасаў, набыць сувеніры і вырабы народных умельцаў з многіх краінаў свету.
І сапраўды, ва ўпрыгожанай зале ў вачах мітусілася ад прылаўкаў з раскладзенымі на іх разнастайнымі сувенірамі, ежай, кнігамі, цацкамі, вырабамі. Ішоў жвавы гандаль імі, асабліва папулярнымі выявіліся стравы кухняў розных народаў свету.
У павільёне Рэспублікі Беларусь наведнікі дабрачыннага кірмашу змаглі пакаштаваць і набыць розныя беларускія прысмакі, напоі, мастацкiя творы, кнігі, касметыку і вопратку беларускіх вытворцаў. Набываючы беларускую прадукцыю, усе без выключэння падкрэслівалі традыцыйна вельмі высокую якасць беларускіх тавараў, казалі нам пра свой давер да беларускіх вытворцаў.
Удзельнічаючы ў гэтым вельмі душэўным дабрачынным мерапрыемстве, мы як прадстаўнікі беларускага этнасу зноў пераканаліся ў самым добрым стаўленні да беларусаў з боку іншых народаў. Сярод наведнікаў павільёна Рэспублікі Беларусь было шмат высокапастаўленых гасцей, дзяржаўных дзеячаў, кіраўнікоў дыпламатычных місій розных краінаў свету. Падчас кірмашу да беларускага павільёна падышла велізарная колькасць самых розных людзей з неабыякавай душой. Хтосьці з наведнікаў з асаблівай цеплынёй успамінаў пра свае паездкі ў Беларусь, хтосьці распавядаў пра сваякоў і знаёмых, якія жывуць на беларускай зямлі, некаторыя нават распытвалі Аляксандра Аляксандравіча Салаўёва, Часова Паверанага Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова, аб тым, як можна пераехаць у Беларусь на ПМЖ, і ўсе госці беларускага павільёна шчыра зычылі Рэспубліцы Беларусь усяго самага найлепшага.
Сёлета сабраныя ахвяраванні атрымаюць аддзяленні гематалогіі і дзіцячай анкалогіі Рэспубліканскага інстытута анкалогіі Рэспублікі Малдова, а таксама дзеці Цэнтра рота-сківічна-тварнай хірургіі, якiя маюць патрэбу ў адмысловым даглядзе.
Гэты зімовы перыяд становіцца па-сапраўднаму святочным і поўным цудаў толькi тады, калі не толькі верыш і чакаеш, а cам пачынаш дарыць душэўную цеплыню, клопат, увагу і чыніць добрае ад шчырага сэрца.
Ганна Мазур,
Старшыня Праўлення БКРМ