Беларуская ялінка на міжэтнічнай выставе ў ЗША

У амерыканскім горадзе Нью-Брансвік у штаце Нью-Джэрсі, у венгерскім культурным цэнтры штогод перад Калядамі адбываецца ўрачыстасць, у праграму якое ўваходзіць паказ ялінак розных этнічных групаў. Пяюцца таксама калядкі. Ужо 25 гадоў як беларуская праваслаўная царква Жыровіцкай Маці Божай, што знаходзіцца ў горадзе Гайленд-Парк побач з Нью-Брансвікам, бярэ ўдзел у гэтай каляднай урачыстасці.

Удзел у паказе ялінак быў запачаткаваны нябожчыцай Галінай Русак ды працягваецца стараннямі Сяргея Трыгубовіча.

Сярод дзясятка ялінак на сёлетнім паказе стаіць і беларуская, упрыгожаная аздобамі, таленавіта зробленымі ў Беларусі выключна з саломкі. Каля ялінкі стаіць табліца з апісаннем нашай каляднай куцці.

Сярод ялінак — італьянскае, грэчаскае, японскае ды іншых — беларуская глядзіцца вельмі прывабна.

Яна будзе сведчыць пра Беларусь на працягу наступных трох тыдняў.

ЯЗ