Латвійскі горад Балвi знаходзіцца на паўночным усходзе Латвіі, далей ад беларускай мяжы, ён бліжэй да мяжы з Пскоўшчынай, амаль за 200 км ад Рыгі. Беларусаў тут амаль няма, адзінкі, у гэтым латгальскім горадзе больш чуваць латгальскую, латышскую ды рускую мовы. Нягледзечы на гэта, мясцовы музей быў зацікаўлены сустрэць тут беларускіх мастакоў і адкрыць 8 лістапада 2014 г. выставу "Беларускія ўражанні", паказаць жыхарам горада Балвi 40 твораў сябраў Аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар".
Музей месціцца ў адным з будынкаў старога маёнтка XIIIV стагоддзя, на вуліцы Брывібас, на беразе возера. Адносна некаторых іншых музеяў Латгаліі, дзе ладзіліся выставы "Маю гонар", будынак музея ў горадзе Балвi адрэстаўраваны і аформлены па сучасным еўрапейскім праекце. Менавіта дзякуючы гэтаму, а таксама мастацкаму густу куратаркі выставы фотамастачкі Дацэ Тэйлане, экспазіцыя з невялікімі памерамі прац мастакоў аб'яднання "Маю гонар" вельмі добра і гарманічна ўпісалася ў інтэр'ер выставачнай залі.
Адкрыццё выставы "Беларускія ўражанні" пачалося з выступлення супрацоўніцы музея мастачкі Астры Лочмеле-Амбаравай, якая праспявала латгальскія песні пад акампанемент сваёй гітары. Пасля музычнага ўступлення дырэктарка музея Івэта Супэ і мастакі запалілі свечкі на вялікіх падсвечніках, якія афармлялі інтэр'ер залы.
Потым адбыліся выступы дырэктара музея спадарыні Івэты Супэ, куратаркі выставы і мастакоў, беларускія творцы таксама праспявалі на роднай мове песню "Цячэ вада ў ярок" пад акампанемент гітары мастачкі Алены Раманенкi. Гаспадары віншавалі мастакоў не толькі кветкамі, яны атрымалі прыгожа надрукаваны каталог выставы, а таксама па слоічку цудоўнага латгальскага яблычнага варэння.
Пасля святочнага стала супрацоўнікі музея паказалі экспазіцыю, прысвечаную гісторыі горада Балві і краю, этнаграфіі латгальцаў, дзе можна было бачыць шмат агульнага як для латгальцаў, так і для беларусаў, асабліва ў арнаменце, строях і драўлянай архітэктуры, гэта падкрэслівалі і самі супрацоўнікі музея. Далей у праграме сустрэчы было знаёмства з горадам, дырэктарка музея зрабіла для беларускіх мастакоў цікавую экскурсію. Пабылі ў старым гарадскім "Мядзведзевым парку", дзе сабрана з наваколля краю калекцыя 49 камянёў-валуноў, што вышэйшыя за чалавека, пагулялі па старым горадзе, агледзелі яго помнікі архітэктуры, лютаранскую бажніцу і рымска-каталіцкі Свята-Троіцкі касцёл. На просьбу Івэты Супэ мясцовы каталіцкі святар Мартыньш Клуш спецыяльна прыйшоў і адчыніў касцёл, каб паказаць яго ўпрыгожванні. Наведалі мы таксама і Цэнтр сакральнага мастацтва, дзе экспанавалася выстава жывапісу і графікі латгальскага мастака Пэтэрыса Джыгурса, сакурсніка і сябра аўтара гэтых радкоў.
Знаёмства з чарговым горадам Латгаліі дало беларускім мастакам дадатковую цікавую інфармацыю аб людзях, іх культуры, аб зямлі дзяржавы, у якой жывуць цяпер беларускія творцы. А іх выстава, адкрытая тут у шэры лістападаўскі дзень, сваімі творамі, сваёй рознакаляровасцю фарбаў прынесла наведвальнікам светлыя і цёплыя ўражанні вясны і лета, і добрасуседскія адносіны паміж прадстаўнікамі двух народаў, якіх злучае адна рака Даўгава - Дзвіна. Выстава ў Балваўскім музеі будзе працаваць да студзеня 2015 г., на ёй прадстаўлены працы жывапісу і графікі Галіны Жэлабоўскай, Алены Раманенкі, Васіля Малышчыца, Алены Лаўрыновіч, Алены Ціхаміравай, Тамары Насенкi, Вячкі Целеша, Аліны Літвіненкi, Алега Аблажэя, Ганны Пейпіні, Ірыны Трумпель-Сабалеўскай, Вячаслава Лаўрыновіча, Надзеі Ізінёвай і Яна Кузміцкага.
Вячка Целеш,
кіраўнік Аб'яднання беларусаў-мастакоў "Маю гонар"