Пад сонцам маладзіковым

У 1990-м годзе наша дзяржава шырока адзначала 500-я ўгодкі з дня нараджэння Францішка Скарыны - першадрукара, вучонага, асветніка і культурнага дзеяча, перакладчыка і пісьменніка эпохі Адраджэння. На працягу 1517--1519 гадоў у чэшскай Празе ён выдаў "Псалтыр" і 23 кнігі "Бібліі". А пасля ў Вільні, у даўняй культурнай сталіцы беларусаў і літоўцаў, былі выдадзены "Малая падарожная кніжка" (1522 г.) і "Апостал" (1525 г.).

16 лістапада 1990 года дзясяткі нашых суайчыннікаў прыбылі ў старажытную Вільню на адкрыццё мемарыяльнай шыльды скульптара Эрыкаса Варнаса ва ўшанаванне віленскага першадрукара Ф. Скарыны на вуліцы Вялікай (Didziji, 15).

З той урачыстай падзеі фотааб’ектыў зафіксаваў абліччы Лявона Луцкевіча, Уладзіміра Конана, Генадзя Каханоўскага, Адама Мальдзіса, Маргарыты Пяровай, Міхася Ткачова, Аляксея Марачкіна, Міколы Купавы, Міколы Ермаловіча...

На здымку: спыніліся каля шыльды беларускаму асветніку Францішку Скарыну ў Вільні Анатоль Белы, Вячка Целеш, кс. Уладыслаў Чарняўскі, Сяргей Панізьнік... 16 лістапада 1990 г. (З архіва С. Панізьніка)

І вось з кадра паглядае нястомны Анатоль Белы. Сёлета 10 снежня яму споўнілася б 75 гадоў. Сёння мы можам пералічыць некаторыя яго заслугі, праявы творчасці. актыўнай жыццёвай пазіцыі. Так, Анатоль Яўхімавіч -- навуковец, калекцыянер, стваральнік Старадарожскага мастацкага музея, заснавальнік і старшыня грамадска-асветніцкага клуба "Спадчына" ў 1984 г., сябар Саюза мастакоў з 1995 г. і Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1999 г., выдавец альманахаў "Скрыжалі "Спадчыны"...

На здымку: Сярод прысутных Анатоль Белы, Язэп Сажыч, Пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Генадзь Бураўкін, Леанід Барткевіч, жонка Г. М. Бураўкіна Юлія. 19-я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі і Канады. Верасень 1990 г. Фота С. Панізьніка.

Анатоль адышоў ад нас 14 лістапада 2011 г. А я памятаю і вераснёўскія сустрэчы з ім у амерыканскім Кліўлендзе ў 1990 г., калі мы былі запрошаны на Сустрэчу беларусаў і разам прысутнічалі на адкрыцці культурнага цэнтра амерыканскіх беларусаў "Полацак". Здзейсненае -- застаецца, створанае яго сэрцам -- узбагачае нас і сёння.

Сяргей Панізьнік