Фестываль незалежнай беларускай культуры прайшоў у Вроцлаве

У перадкалядным Вроцлаве ўжо шосты раз прайшоў Фестываль незалежнай беларускай культуры, арганізацыю якога ўзяў на сябе фонд “За вашу і нашу Свабоду”.

Адкрыццё фестывалю адбывалася ў самым сэрцы Вроцлава, у Доме гравёра, што месціцца ў адной з найстарэйшых камяніц, пабудаваных у XV стагоддзі. Гонар адкрываць фестываль быў аддадзены Андрусю Такіндангу, у Польшчы найбольш вядомаму як саліст гурта RECHA. Аднак 20 лістапада жыхарам Вроцлава выпала магчымасць пазнаёміцца і з мастацкай творчасцю Андруся. Упершыню ў Польшчы быў прадстаўлены цыкл малюнкаў “Магічная мапа” , у якім мастак раскрывае душу гарадоў і мястэчак Беларусі.

У пятніцу, 21 лістапада, адбыліся дэбаты “Досвед мінулага — лекцыя для сучаснасці?” з удзелам Аляксандра Мілінкевіча, Іны Кулей і Максіма Жбанкова, а таксама Яцка Пратасевіча і Лідыі Герынгер дэ Удэнберг. Эксперты дыскутавалі на тэму свабоды, патэнцыялу сучаснай беларускай моладзі, пераймання досведу маладым пакаленнем, стан беларускай культуры і інш. Адной з найцікавейшых тэмаў дэбатаў было пастаўленае Максімам Жбанковым пытанне рубам: культура палітыкі ці ўсё ж такі палітыка культуры?

Адразу пасля дыскусіі адбылося адкрыццё фотавыставы Андрэя Дубініна “Лісты: мужнасць і боль” (з электроннай версіяй выставы можна азнаёміцца тут. Ідэя праекта — у адлюстраванні сацыяльнага боку палітычных рэпрэсій. На фатаграфіях выяўленыя блізкія людзі і сваякі пацярпелых ад пераследу ўладамі пасля Плошчы 19 снежня 2011 г.

На наступны дзень наведнікаў фестывалю чакаў вечар сучаснай беларускай паэзіі, на якім свае вершы чыталі Андрэй Хадановіч, Таццяна Нядбай і Уладзімір Арлоў, а пераклады на польскую мову агучваў Лявон Баршчэўскі.

Адразу пасля вечара паэзіі быў запланаваны прагляд дакументальнага спектакля “Чарнобыль” тэатра “Крылы Халопа”. “Чарнобыль” — гэта адлюстраванне балючых успамінаў сведак беларускай трагедыі 1986 года: гэта відэазапісы 30-кіламетровай зоны адсялення, дакументы, звязаныя з катастрофай, гісторыі-споведзі, гісторыі-нараканні, матэрыялізацыя думак і меркаванняў людзей на форумах, з якімі можна не згаджацца, але нельга не лічыцца.

У фінальны дзень фестывалю арганізатары падрыхтавалі музычны выступ гурта RECHA. Творчасць беларускіх музыкаў прыйшлася даспадобы не толькі беларусам, якія жывуць у Вроцлаве, але і палякам і ўкраінцам, якія наведалі гэтае мерапрыемства.

І адначасова з паведамленнем пра наступны фестываль беларускай культуры, арганізацыяй якога ўжо займаецца фонд “За вашу і нашу Свабоду”,  не спыняецца і падрыхтоўка Дзён памяці Наталлі Гарбанеўскай, што пройдуць у Вроцлаве 29-30 лістапада 2014 г. з удзелам сваякоў Наталлі Гарбанеўскай, ветэранаў дысідэнцкага руху ў СССР (Уладзімір Букоўскі, Віктар Файнберг і інш.), ветэранаў польскага руху “Салідарнасць” (Генрык Вуец, Міраслаў Хаецкі і інш.), вядомых інтэлектуалаў з Расіі (Барыс Нямцоў, Віктар Ерафееў і інш.), а таксама пісьменнікаў, паэтаў, праваабаронцаў з Беларусі, Украіны, ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі. Прадстаўляць Беларусь будуць старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч і былы старшыня Партыі БНФ і грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне” Лявон Баршчэўскі.

Юля Курловіч, Вроцлаў, Польшча

Фота — Павел Нікалаеў