Івонка Сурвілла: Памятайма ўсіх нашых продкаў, якія баранілі наш край

З нагоды чарговых угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла звярнулася да беларусаў з традыцыйным віншавальным зваротам.

"Паважаныя Суродзічы, Дарагія Сябры!

«Няхай памяць натхняе нас...»

Словы гэтыя прамовіў на святкаванні канадскага Дня Герояў — 11 лістапада — прадстаўнік Каралевы ў Канадзе Дэвід Лойд Джонсан.

З нагоды нашага Дня Герояў, у гэтыя 94-я ўгодкі першага дня Слуцкага Збройнага Чыну, віншую ўсіх вас з нашым вялікім нацыянальным святам і жадаю, каб памяць пра нашых герояў дала нам сілу давесці да перамогі пачатае імі змаганне за волю свае зямлі.

Случакам не было патрэбы задумвацца, ад каго бараніць сваю незалежную дзяржаву. Да сямідзесяцігадовага прамывання мазгоў нашага паняволенага народу ўсім было ясна, адкуль ішла пагроза.

Дарагія сябры, памятайма Случакоў. Памятайма з удзячнасцю ўсіх нашых продкаў, якія на працягу нашае гісторыі баранілі наш край. Дзякуючы іхняй мужнасці мы яшчэ жывем і ведаем, хто мы.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла, Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Лістапад 2014".