Беларусы і чувашы Іркуцка расказалі пра свае народныя строі

“Га, беларусы! А ці можна з вамі сфатаграфавацца?” - часцяком чуюць ад іркуцян чувашы. Нашая краіна шматнацыянальная, у нашым родным краі жыве шырокае кола народаў. Аднак многія гараджане застаюцца ў недасведчанасці, яны не могуць адрозніць адзін народ ад іншага - нават славян ад цюрак.

Безумоўна, візітнай карткай любога народа з’яўляецца яго нацыянальны строй. Беларусы і чувашы Іркуцка аб'ядналіся, каб распавесці жыхарам горада аб сваіх нацыянальных строях.

Мерапрыемства адбылося 22 лістапада ў маёнтку Сукачова, што сімвалічна, бо Уладзімір Платонавіч вельмі многа ўклаў у развіццё горада, у тым ліку і ў адукацыю іркуцян.

Безумоўна, у нацыянальных строях беларусаў і чувашоў ёсць шмат агульнага: бела-чырвоная каляровая гама, доўгія спадніцы ў дзяўчат, наяўнасць галаўных убораў і паясоў, прысутнасць пэўных знакаў-абярэгаў, а таксама той факт, што ўзоры на вопратцы маюць некаторы сімвалічны сэнс. Хутчэй за ўсё, бела-чырвоныя колеры, узоры і доўгія спадніцы збіваюць з панталыку іркуцян. Аднак, пры ўсім знешнім падабенстве, нацыянальныя касцюмы гэтых двух народаў настолькі розныя, што дасведчаны чалавек можа ўмомант вызначыць, хто з іх хто. Найбольш відавочнае, на мой погляд, адрозненне - гэта галаўны ўбор. Чувашы ўпрыгожваюць свае галовы вельмі масіўна, некаторыя галаўныя ўборы падобныя на шаломы або цыліндры, пры гэтым яны багата ўпрыгожаныя. Аказваецца, чувашскія жанчыны ваявалі нароўні з мужчынамі! Адсюль і пайшло нашэнне цяжкага «шалома». Акрамя таго, у некаторых жанчын на спіне можна ўбачыць доўгую белую паласу, упрыгожаную арнаментам - гэта сурпан, яго апранаюць замужнія жанчыны. Галаўныя ўборы беларусаў зусім іншыя: яны не такія масіўныя і аздобленыя. Дзяўчыны носяць рознакаляровыя стужкі, жанчыны хаваюць валасы пад каптур, апранаючы зверху хустку, а мужчыны - саламяныя брылі. Вядома, гэта не ўсе галаўныя ўборы, якія прысутнічаюць у беларускім нацыянальным строі, бо ўзімку ў стужачках або брылі не паходзіш. Сярод відавочных адрозненняў паміж строямі можна вылучыць таксама чырвоныя вертыкальныя палосы на касцюмах чувашоў, якія з’яўляюцца абараняючымі знакамі; клятчастыя спадніцы, якія можна сустрэць на беларусках; ды і ў цэлым крой некалькі адрозніваецца.

Багата было расказана аб нацыянальных строях беларусаў і чувашоў, былі прадэманстраваныя прыклады касцюмаў - у тым ліку і сапраўдныя, якія былі пашытыя ў мінулым, а то і пазамінулым стагоддзі. Самі прадстаўнікі культур былі апранутыя ў свае нацыянальныя строі, якія былі зроблены часцей за ўсё сваімі рукамі. Вельмі прыемна было бачыць вялікую колькасць дзяцей, бо адукоўваць трэба з самага дзяцінства.

Пасля, так бы мовіць, лекцыйнай часткі пачалася інтэракцыя са слухачамі. Мы разам праспявалі чувашскую песню, а потым патанчылі беларускія танцы і карагоды. Апафеозам гэтага мерапрыемства сталі прыпеўкі ў коле пад звонкі гармонік.

На мерапрыемстве было не вельмі шмат народу, але я ўсё ж спадзяюся, што тое, пра што даведаліся прысутныя, разыйдзецца далей, і іркуцяне больш не будуць блытаць такія розныя народы, як беларусы і чувашы. Шмат народаў жыве побач, і кожны, хто паважае сябе, павінен хоць трохі разбірацца ў іх і старацца быць дасведчаным.

Наталля Багамаз, Іркуцк