31 кастрычніка, напярэдадні будучага святкавання ў Крыме Дня народнага адзінства, у Алушцінскім краязнаўчым музеі адкрылася выстава творчасці прадстаўнікоў беларускай дыяспары паўвострава. У ёй былі прадстаўленыя больш за сто працаў самых розных напрамкаў прыкладнога і выяўленчага мастацтва ад дзевяці таленавітых майстроў, сябраў Садружнасці беларусаў Крыма.
Выстава была арганізаваная пры падтрымцы і велізарным удзеле старшыні Алушцінскага беларускага таварыства Віталя Бартохава, які на працягу многіх гадоў знаёміць гараджан з беларускай літаратурай і мастацтвам. Вось і тут, на маляўнічым вернісажы ў музеі, Віталь Мікалаевіч у багата вышытым кунтушы - нацыянальнай беларускай вопратцы - стаў сапраўднай душой і цэнтрам прыцягнення гэтага свята культуры і талентаў.
... Проста разбягаюцца вочы, калі ўваходзіш у выставачную залу музея. Тут і жывапіс, і карціны, вышытыя шоўкам, мулінэ, стужкамі, воўнай, і карункі, і народная вышыўка касцюмаў, і габелены, і фотаработы, і кераміка, і «саламяная мазаіка», і шэдэўры ювелірнага мастацтва! Кожны знойдзе тут тое, што спадабаецца менавіта яму, а шмат хто будзе ў захапленні абсалютна ад усяго, што прадстаўлена на выставе. Прыгажосць крымскай прыроды і яе насельнікаў прадстаўлена ў фота-шэдэўрах заслужанага работніка культуры Украіны Яўгена Камарова і алушцінскага педагога і краязнаўцы Святланы Багдановіч. Сапраўднай каштоўнасцю з'яўляюцца прадметы царкоўнага начыння з залатым шыццём, створаныя выкладчыкам індустрыяльна-педагагічнага ўніверсітэта Марынай Дарашэвіч. Выкладчык гуртка ЦДЮТ Ніна Барысюк з Краснаперакопска прадставіла карціны з каляровай і натуральнай саломкі, а яе зямлячка Людміла Цімашчук прывезла ў Алушту цудоўныя вязаныя пано і габелены з ужываннем розных тэхнік. Дзівяць сваёй рэалістычнасцю крымскія пейзажы, вышытыя рознакаляровымі стужкамі прафесійным мадэльерам адзення з Сімферопаля Людмілай Паповай. А вось ювелірныя ўпрыгажэнні ялцінца Пятра Якубука не пакінуць абыякавымі ні адну з прадстаўніц прыгожага полу.
- Гэтая выстава адносіцца да катэгорыі тых, якія прывучаюць нас разумець, што побач жывуць прадстаўнікі іншых народаў, выдатных і непаўторных, даюць магчымасць лепш іх спазнаць і палюбіць, - адзначыла на адкрыцці загадчыца музея Вера Рудніцкая. - Кожны з наведнікаў выставы знойдзе тут, чаму парадавацца, чаму павучыцца, чаму пасуперажываць, а, самае галоўнае, пачне любіць беларусаў яшчэ больш.
Выставу наведалі выконваючы абавязкі кіраўніка адміністрацыі Алушты Ігар Сотаў і старшыня Садружнасці беларусаў Крыма Яўген Супрунюк, якія выступілі з прывітаннем і найлепшымі пажаданнямі ўдзельнікам і гасцям вернісажу.
На працягу свята гасцямі і ўдзельнікамі выставы шмат яшчэ было выказана прыемных словаў і цікавых думак. Усе разам спявалі пад гітарны акампанемент Святланы Багдановіч народную беларускую песню «Купалінка», атрымлівалі асалоду ад велічнага беларускага маўлення Віталя Бартохава, любаваліся сапраўднымі творамі мастацтва. Тыя ж, хто з нейкай прычыны момант адкрыцця выставы прапусціў, могуць наведаць яе на працягу месяца. Думаецца, не пашкадуюць!
Алена Адзінцова
Газета "Алушцінскі веснік", №43 (1226) ад 06.11.2014