У Канадзе на ангельскай мове перавыдадзеныя творы пісьменніка з Піншчыны Фёдара Одрача (1912-1964). Выхадзец з палескага сяла Мясяцічы скончыў Віленскі ўніверсітэт, працаваў настаўнікам у палескіх школах, а ў часы Другой Сусветнай вайны рэдагаваў “Ковельскую газету”. З сярэдзіны 1940-х гадоў жыў у Канадзе, дзе напісаў творы пра Палессе, Вільню ды жыццё ў Заходняй Беларусі.
Ягоныя аповесці напісаныя па рэальных фактах. Асобую цікавасць выклікае беларускае жыццё ў даваеннай Вільны ды лад палешукоў на момант верасня 1939 года. Фёдар Одрач яскрава апісаў падрыхтоўку да Народнага Сходу ў Беластоку, які ўключыў Заходнюю Беларусь у БССР.
Сваячка пісьменніка Марыя Шаламіцкая адзначыла, што ён быў апантаны палескімі краявідамі і ягоны псеўданім звязаны з родным краем:
- Одрач – гэта месца ад вёскі Полхава да ракі. Одрач – значыць ад ракі. Ён увекавечыў памяць пра нашае Палессе. Гэта і разлівы, і нашыя балоты і рэкі, прыгажосць нашых людзей, іх своеасаблівасць. Некаторыя месцы ў ягоных творах я не магу чытаць без слёз.
На Піншчыне аніяк не ўшанавана памяць пра земляка. Затое ва ўкраінскім горадзе Ковель створаны сквер Фёдара Одрача, а ў Канадзе другі раз перавыдаюць ягоныя творы.