27 кастрычніка ў адной з будапешцкіх кавярняў адбылася размова з прафесарам, загадчыкам аддзялення філасофіі Цэнтральна-еўрапейскага ўніверсітэта (ЦЕУ) Ханохам Бен-Ямі, якая ўласна і падвяла вынікі яго кастрычніцкага візіту ў Мінск.
Хаця прадстаўнікі беларускай суполкі, былыя студэнты, апантаныя і ўражаныя прафесіяналізмам і выкладчыцкім талентам Бен-Ямі, на працягу некалькіх гадоў выношвалі ідэю запрасіць прафесара ЦЕУ з публічнымі лекцыямі ў Мінск, менавіта само запрашэнне адбылося абсалютна нечакана і, можна нават сказаць, спантанна. У красавіку на адной з філасофскіх канферэнцый падчас кароткай размовы былыя вучні прапанавалі прафесару гэтую ідэю, а таксама распавялі пра зацікаўленасць беларускага боку ў арганізацыі мерапрыемстваў такога кшталту.
Прафесар успрыняў прапанову з нечакана вялікім энтузіязмам. Як ужо высветлілася пазней, наведаць Беларусь - яго даўняя мара. Прабацькі і матуля выкладчыка доўгі час да вайны жылі на тэрыторыі Беларусі, у мястэчку Вілейка. Было вырашана: візіт адбудзецца. Спачатку планавалі на канец траўня, але паколькі арганізацыя міжнародных акадэмічных візітаў – справа, як аказалася, не з самых лёгкіх, мерапрыемства перанеслі на кастрычнік. Так і пачалася падрыхтоўка. Задача стаяла канкрэтная: у абмежаваны адрэзак часу знайсці фінансаванне і арганізаваць паездку.
Трэба адзначыць камандную працу беларускага боку: здавалася, на нашых вачах адраджаецца традыцыя беларускай талакі. Так, намаганнямі многіх адбылася доўгачаканая падзея: у БДУ на ФФСН прафесар прачытаў лекцыю на тэму “Тэхналогія і сучасны чалавек. Дэкарт пра бяздушныя аўтаматы…”, якая вылікала інтарэс у больш чым 100 студэнтаў.
Пасля лекцыі была арганізаваная сустрэча з адміністрацыяй факультэта – дэканам, выкладчыкамі, дзе абмяркоўваліся мажлівыя перспектывы развіцця кааперацыі паміж універсітэтамі і аддзяленнямі. Адзін з беларускіх выкладчыкаў урачыста прэзентаваў кнігу з даследваннямі па логіцы - сферы непасрэдных прафесійных інтарэсаў Бен-Ямі, які публічна паабяцаў праштудзіраваць падарунак па засваенні рускай мовы. Адразу за перамовамі прафесара чакала культурная праграма – знаёмства з Мінскам, дэгустацыя найлепшых страваў нацыянальнай кухні, агляд музея гісторыі яўрэйскай культуры.
Увечары ў памяшканні, добразычліва прадстаўленым Яўрэйскай культурнай суполкай “Эмуна”, адбылася другая лекцыя замежнага госця з загадкавай для Беларусі назвай “Філасофія ЦЕУ. Філасофія Ізраіля”. Паводле меркаванняў прысутных, мерапрыемства прайшло з не меншым поспехам. Дыскусія, што доўжылася добрую палову гадзіны і якую праз недахоп часу давялося прыпыніць, можа сведчыць пра зацікаўленасць студэнтаў і прысутных у прапанаваных тэмах.
На суботу 18 кастрычніка для прафесара была запланаваная паездка ў Вілейку, агляд горада, старых яўрэйскіх могілак, месца былой сялібы продкаў. I тут трэба выказаць асобную падзяку супрацоўнікам Вілейскага краязнаўчага музея, што адразу адгукнуліся на нашу просьбу дапамагчы з пошукам вуліцы, дзе знаходзіўся дом сваякоў Бен-Ямі, сустрэлі, правялі якасную экскурсію па горадзе і музеі, агляд асноўных славутасцей і іншае. На жаль, трэба адзначыць заняпад яўрэйскай гістарычнай спадчыны ў Беларусі: недагледжанныя, разрабаваныя ў пасляваенныя гады могілкі, занядбанне помнікаў, выкарыстанне мемарыяльных камянёў у якасці прадметаў паўсядзённага быту, млыноў і г.д.
Па вяртанні ў Мінск Бен-Ямі працягнуў сваё знаёмства з горадам. Увечары адбылася нефармальная сустрэча з беларускімі студэнтамі і лідарам Беларускай філасофскай прасторы Паўлам Баркоўскім, на якой Бен-Ямі распавёў пра спецыфіку Цэнтральна-еўрапейскага ўніверсітэта, філасофскага аддзялення, а таксама Венгрыі, культуры, традыцый, ладу жыцця.
Наступны ранак і шлях да аэрапорту па бясконцым магутным праспекце Незалежнасці на бліскучых святочна-бялюткіх жыгулях асабліва запомняцца госцю, які пакідаў Беларусь, што ўжо запала яму ў душу... У Будапешце нашу размову Бен-Ямі пачаў так: “Я шмат вандраваў па цэнтральнай і ўсходняй Еўропе і не чакаў, што Беларусь зможа мяне чым-небудзь здзівіць. Але яна вельмі своеасаблівая, вельмі адрозніваецца ад краінаў Еўразвязу. Тут упершыню я адчуў усю велізарнасць і імперскасць гэтай былой краіны, СССР. Так, гэта была сапраўдная імперыя. Таксама мяне ўразіў галоўны вялізарны праспект. Яго маштабы захапляюць, і здаецца, бясконцы рух па гэткай прасторы проста зачароўвае”. Прафесар адзначыў, паездка была вельмі насычанай і цікавай, як з прафесійнага, так і з асабістага пункту гледжання і пры мажлівасці ён з задавальненнем наведаў бы наш край не раз. Адбылося першае знаёмства і закладзены пэўны фундамент партнёрскіх узаемаадносінаў паміж ЦЕУ, БДУ, “Беларускай філасофскай прасторай”. Галоўнае не спыняцца зараз на дасягнутым, бо, здаецца, мы рухаемся ў правільным кірунку: у планах Беларускай суполкі ў Венгрыі і “Беларускай філасофскай прасторы” арганізацыя цэлай серыі лекцыяў Бен-Ямі і іншых прафесараў ЦЕУ ў Мінску.
Хочацца таксама адзначыць, што мерапрыемства прадэманстаравала цуды беларускай ініцыятывы і самаарганізацыі – з мінімальнай інстытуцыянальнай падтрымкай сустрэча была арганізавана на досыць высокім якасным узроўні. За гэта хочацца выказаць асаблівую падзяку арганізатарам і сябрам: “Беларускай філасофскай прасторы” і БДУ ў асобе Паўла Баркоўскага, Беларускай амбасадзе ў Вугоршчыне за візавую падтрымку, ЦЕУ за дапамогу ў фінансаванні транспартных выдаткаў, кіраўнікам Яўрэйскага культурнага аб’яднання “Эмуна”, Музею гісторыі яўрэйскай культуры, Вілейскаму краязнаўчаму музею за арганізацыю лекцыяў і культурнай праграмы, заводу “Дарыда”, Мінскаму заводу безалкагольных напояў, фабрыцы “Белга” за прадстаўленыя напоі і гасцінцы для лектара і слухачоў, ЗБС “Бацькаўшчына” і Венгерскаму турыстычнаму офісу за інфармацыйную падтрымку, асабіств “дзякуй” Алене Адамейка, Іллю Ірэзнікаву, Вікторыі Бурсевіч за дапамогу ў перакладах і суправаджэнні прафесара падчас візіту, а таксама ўсім астатнім, хто не застаўся абыякавым да гэтай справы.
Вераніка Бурсевіч
Арганізацыйны камітэт
Аб’яднання беларусаў Вугоршчыны (АБВ)
імя Шт. Баторыя
Заўвагі, ідэі і прапановы дасылаць
на скрыню таварыства: belcommunity2014@gmail.com