У брытанскім выдавецтве Glagoslav Publications, якое спецыялізуецца на літаратуры славянскіх краін, выходзіць кніга Любові Базан “Гісторыя Беларусі”.
“Белая пляма на мапе, Беларусь – таямніца ў сэрцы Еўропы. Пра гісторыю і сучаснасць гэтай краіны апублікавана не так шмат – нам мала вядома пра людзей, якія называюць сябе беларусамі. Любоў Базан падымае заслону таямнічасці, якая акаляе Беларусь, і падрабязна расказвае пра этнагенез беларусаў”, – так апісвае кнігу выдавецтва.
Аўтарка кнігі Любоў Базан, дарэчы, – стваральніца віцебскага музея Марка Шагала, з 1997 года жыве ў Нідэрландах. Арыгінал кнігі ніколі не выходзіў па-расійску альбо па-беларуску (аднак аўтарскі рукапіс быў напісаны па-расійску), на англійскую мову яна перакладзеная Кэлумам Уокерам.
Замовіць кнігу можна ў некалькіх варыянтах: цвёрдая вокладка, мяккая вокладка, pdf-версія.
Выдавецтва Glagoslav Publications не першы раз звяртаецца да беларускай літаратуры – летась яны апублікавалі пераклад “Дзікага палявання караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча.
Юрась Ускоў