Ці ўдасца ўшанаваць памяць беларускіх даследчыкаў Сібіры

Месяц таму на пасяджэнні Кансультатыўнага савета ў справах дыяспары пры Міністэрстве культуры, якое праходзіла ў рамках Другога фестывалю мастацтваў беларусаў свету, вядомы актывіст беларускага руху Алег Рудакоў з Іркуцка прапанаваў ушанаваць памяць выбітных даследчыкаў Сібіры і Далёкага Усходу, якія паходзяць з беларускіх земляў, на іхніх малых радзімах. Ініцыятыву падтрымала кіраўніцтва ведамства, аднак за прамінулы час відочных зрухаў у бок рэалізацыі задумы не заўважана. Ці не затармозіцца ўсё на ўзроўні абяцанняў?

Пасля 1863 года, калі выбухнула вызволнае паўстанне, блізу 20 тысяч удзельнікаў супраціву апынуліся ў высылцы. Пры гэтым больш за 12 тысяч былі родам з тагачасных беларускіх і літоўскіх губерняў і наступныя гады правялі ў Іркуцку і яго наваколлі. Сярод пакараных Сібірру — беларусы, якія навечна пакінулі свой след у гісторыі гэтага краю.

Нараджэнец Віцебскай губэрні Ян Чэрскі — адзін з самых вядомых даследчыкаў геалагічнай будовы Байкала. Выхадзец з Міншчыны Бенэдыкт Дыбоўскі — біёлаг, які адкрыў мноства відаў жывых арганізмаў, раней навуцы невядомых, першым вымераў глыбіню Байкала. Яшчэ адзін прадстаўнік Віцебшчыны, прафесійны археолаг Мікалай Віткоўскі, знайшоў на тэрыторыі Сібіры пахаванні эпохі неаліту, абвергшы думкі пра яе незаселенасць у каменным веку. Не меншыя заслугі перад навукай маюць батанікі Фелікс Зянковіч і Канстанцін Жэброўскі — родам з Гарадзенскай і Віцебскай губерняў адпаведна.

Экс-старшыня і заснавальнік Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алег Рудакоў кажа, што планы наконт увекавечвання слынных навукоўцаў, якія не па сваёй волі апынуліся ў расійскай Сібіры і сталі «свяціламі навукі» ў галіне даследавання нявывучаных тэрыторыяў, былі і раней. Але толькі цяпер яны пачалі набываць абрысы рэальнасці:

«Ідэя вісела ў паветры як бы даўно, але толькі цяпер атрымала развіццё. Калі я ў жніўні прыязджаў у Беларусь, у Віцебску была сустрэча з мясцовымі інтэлігентамі, якія паказалі мне дом, дзе жыла Маўра Чэрская. Для мяне гэта стала прыемным адкрыццём: безумоўна, я ведаў, што калі Ян Дамінікавіч памёр у экспедыцыі, Маўра вярнулася на радзіму мужа і пэўны час, у 1920–30-х, да ад’езду ў Расію, жыла ў Віцебску. Але дзе — я гэтага не ведаў. І тут мне паказваюць гэты дом, які, дарэчы, вельмі добра захаваўся і мае гістарычную каштоўнасць. Будынак цяпер эксплуатуе нейкая арганізацыя, там офісы. У мяне адразу ж узнікла думка: а чаму б той дом не выкарыстоўваць як музей? І калі ўжо потым у Мінску ў межах фестывалю праходзіла пасяджэнне Кансультатыўнага савета па беларускай дыяспары, якое вёў сам Міністр культуры Барыс Святлоў, то я агучыў ідэю паставіць помнік Чэрскаму ў Віцебску. А як міністр падсумоўваў нашы агульныя выказванні, менавіта на гэтай прапанове ён засяродзіў увагу найбольш. Сказаў, што яму ідэя спадабалася і са свайго боку ён будзе ініцыяваць зварот, як ён выказаўся, да губернатара Віцебскай вобласці, каб там разгледзелі гэтае пытанне».

Маўра і Ян Чэрскія, здымак 1891 года

Ведамствы, падначаленыя Міністэрству культуры, пакуль не маюць ніякіх інструкцыяў наконт пераабсталявання колішняга дому Маўры Чэрскай пад музейную ўстанову, не кажучы ўжо пра помнік самому Чэрскаму. Тым не меней, як удакладняе віцебскі прадусар, арганізатар культурніцкіх імпрэзаў і адзін з распрацоўнікаў інфармацыйна-асветніцкага сайту Vitebsk4.me Віталь Броўка, цяпер у колішнім доме Маўры Чэрскай месцяцца якраз установы сферы культуры, таму рэалізаваць задуму Алега Рудакова пры жаданні не склала б асаблівых цяжкасцяў:

«Разам з абласным краязнаўчым музеем мы рабілі адмысловае даследаванне пра Маўру Чэрскую, а таксама пра дом, у якім яна жыла. На нашым сайце можна пабачыць, якім дом быў яшчэ некалькі гадоў таму і як выглядае цяпер. Дзеля справядлівасці, гэтую тэму даволі сур’ёзна ўздымаюць не толькі энтузіясты, а ў розных дзяржаўных і калядзяржаўных інстытуцыях. Цяпер будынак якраз належыць аддзелу культуры Віцебскага гарвыканкаму, іншымі словамі, гэты дом цалкам у валоданні Міністэрства культуры. Там размяшчаецца адзін з адрасоў цэнтру рамёстваў, цэнтру традыцыйнай культуры, і на гэтай тэрыторыі, па сутнасці, было б абсалютна слушна нават і помнік паставіць — менавіта там розныя нацыянальныя святы адбываюцца і ўсё астатняе. То бок было б абсалютна да месца і абсалютна дарэчы».

Такім быў дом Маўры Чэрскай у 2006 годзе

...а такім стаў пасля еўрарамонту ў 2013-м

На перакананне спадара Рудакова, музейную экспазіцыю ў Віцебску можна было б прысвяціць не толькі Яну Чэрскаму, а цэлай плеядзе выбітных даследчыкаў Сібіры з беларускімі каранямі. А вось помнік на Радзіме за прызнаныя ва ўсім свеце даследаванні заслужыў найперш Чэрскі:

«Сапраўды, ёсць шмат матэрыялаў, якія, на жаль, разрозненыя. Але ўсе дакументальныя сведчанні можна было б сабраць у адным месцы. І, што важна, ушанаваць там не толькі Чэрскага, Віткоўскага ці іншых нараджэнцаў Віцебшчыны, а цалкам разглядаць магчымасць увекавечвання выбітных беларусаў. Напрыклад, той жа самы Дыбоўскі, які нарадзіўся пад Мінскам, іншыя, нейкія звесткі пра іх абнародаваць — скажам, стэнды аформіць, асабістыя рэчы пашукаць. Дык вось калі такая ідэя ўзнікла, віцебская інтэлігенцыя яе падтрымала. Безумоўна, на гэтым спыняцца нельга, трэба пісаць лісты, трэба выходзіць з прапановамі грамадскім супольнасцям. У верасні я зноў прыязджаў у Віцебск, сустракаўся са старшынёй Саюза мастакоў вобласці Святланай Баранкоўскай, якая падтрымлівае гэтую ідэю, з іншымі людзьмі. Думаю, што таксама павінны падключыцца гісторыкі, краязнаўцы віцебскія, каб усім разам прасоўваць гэтую ініцыятыву далей. І калі мы гэта зробім, яно будзе вялікай, буйной справай на ўшанаванне нашых знакамітых продкаў і ўвогуле на падняцце аўтарытэту беларускага народу сярод іншых народаў. У першую чаргу ў Сібіры, таму што гэта адразу адгукнецца ў нашай старонцы».

Польская памяць пра Чэрскага на музеі Байкала ў Ліствянцы

Паводле Алега Рудакова, доўгія часы праўда пра беларускіх навукоўцаў, якія плённа працавалі на ніве навукі ад Прыбайкалля да Далёкага Усходу, асабліва не афішавалася. Расійцы сасланых геніяў даўно «абрусілі» пад свае лякалы (Ян Дамінікавіч стаў Іванам Дзяменцьевічам), а польскія арганізацыі нашчадкаў пакараных паўстанцаў пагалоўна запісвалі ўсіх палякамі. Фактычна памяць пра беларускія карані шэрагу носьбітаў перадавой думкі пачала станавіцца набыткам галоснасці толькі ў сярэдзіне 1990-х, з пачаткам актыўнай дзейнасці Іркуцкага таварыства беларускай культуры:

«Беларусаў, якія пачалі рабіць паспяховыя навуковыя адкрыцці ў Іркуцкай вобласьці, шмат. Пра іх як персонаў у Сібіры ведаюць добра, але не ўсе ў курсе, што яны беларусы. Да таго як мы 19 гадоў таму стварылі наша таварыства, было моцнае польскае лобі, і ўсіх навукоўцаў, нават тых, якія не бралі ўдзелу ў паўстанні 1863 года (той жа Будзіловіч прыехаў у Сібір значна пазней), агулам залічвалі да палякаў. Я лічу, што гэта гістарычная несправядлівасць і было б цудоўна, каб у Іркуцку даведаліся, што беларусы шануюць, ведаюць сваіх суродзічаў і ў тым жа Віцебску паставілі помнік Чэрскаму, бо ён з Віцебшчыны. Дарэчы, калі яго злавілі, яму было ўсяго 18 гадоў, ён, можа, нават не паспеў зрабіць ніводнага стрэлу. Калі трапіў у палон да расійскіх войскаў, яго прывезлі менавіта ў Віцебск, там трымалі пэўны час за кратамі. І ёсць такія сведчанні, што на допыце ён з гонарам называў сябе „шляхцічам з літвінаў“. Пра тое, што Чэрскі — знакаміты даследчык, геолаг, географ, ведаюць у Іркуцку ўсе. Але мала хто скажа, што ён беларус. І каб у самой Беларусі ўшанавалі памяць гэтага чалавека, сказалі, што ёсць адметныя мясціны, з ім звязаныя, паставілі помнік, а ў доме, дзе жыла Маўра Чэрская, адкрылі б музей, прысвечаны даследчыкам Сібіры, беларусам паводле паходжання, то была б карысная рэч і для саміх беларусаў, і для іркуцянаў, якія б маглі апеляваць да таго, што зроблена ў Беларусі».

Імя Чэрскага ўвекавечанае на краязнаўчым музеі ў Іркуцку

Нараджэнец Віцебшчыны Ян Чэрскі — адзін з найвялікшых даследчыкаў свайго часу. Нарадзіўся ў 1845 годзе ў маёнтку Свольна Віцебскай губерні. У ліку ўдзельнікаў антырасійскага паўстання 1863 года быў арыштаваны і сасланы ў Омск, а пасля частковай рэабілітацыі пераехаў у Іркуцк, прысвяціўшы сябе вывучэнню Байкала і яго наваколля. У чарговай экспедыцыі цяжка захварэў, пахавалі яго на Калыме. Чэрскі несправядліва забыты ў Беларусі, затое ўвекавечаны ў назвах горных сістэмаў, пікаў, перавалаў, далінаў, вулканаў і вуліц у гарадах. За ягоную этнічную прыналежнасць вось ужо паўтара стагоддзя спрачаюцца палякі і расійцы, беларусы традыцыйна далучыліся апошнімі. На будынку музея Байкала ў Ліствянцы палякі ўсталявалі мемарыяльны знак у памяць пра «славутага земляка», расійцы перахрысцілі яго ў «Ивана Дементьевича». У прывязцы да Беларусі імя Чэрскага носіць Іркуцкае таварыства беларускай культуры.

Від на Байкал і выток Ангары з «Каменя Чэрскага»