Новы, ужо другі, каталог ”Books from Belarus”/”Кнігі з Беларусі” быў прадстаўлены беларускім стэндам на Франкфурцкай кніжнай выставе, адной з самых значных і вялікіх у свеце, якая адбылася 8-12 кастрычніка.
Каталог, які для зручнасці замежных выдаўцоў і літаратурных агентаў выдадзены па-ангельску, прадстаўляе анатацыі твораў Васіля Быкава, Алеся Разанана, Алены Бравы, Адама Глобуса, Уладзіміра Арлова, Людмілы Рублеўскай, Уладзіміра Някляева, Альгерда Бахарэвіча, Барыса Пятровіча, Уладзіміра Казлова.
— Франкфурцкая выстава ў гэтым годзе была, на мой погляд, яшчэ больш паспяховай, чым летась: мы назапашваем усё болей цікавых кантактаў. Сёлета я правяла каля дзясятка перамоваў з выдаўцамі і перакладчыкамі з Вялікабрытаніі, Харватыі, Іспаніі, Польшчы, Латвіі і Нямеччыны, — кажа Дар’я Вашкевіч, якая ў межах ініцыятывы “Кнігі з Беларусі” спрабуе сябе ў ролі літаратурнай агенткі. — Беларусь – параўнальна новы гулец на сусветным кніжным рынку, творы нашай літаратуры збольшага невядомыя замежнаму чытачу, і мушу сказаць, што гэта хутчэй перавага, чым загана. Невядомасць і аўра таямнічасці вабіць еўрапейскіх выдаўцоў. Застаецца толькі падаць належным чынам найлепшыя ўзоры нашай літаратуры. Мы плануем і надалей завабліваць замежных выдаўцоў у нашую літаратурную пастку.
Books from Belarus – ініцыятыва незалежных беларускіх выдавецтваў і грамадскіх арганізацый, сярод якіх Саюз беларускіх пісьменнікаў, Літаратурны Дом “Логвінаў” і інтэрнэт-часопіс 34mag.net. Ініцыятыва мае на мэце пашырэнне ведаў аб беларускай літаратуры за мяжой і спрыяе выданню беларускіх аўтараў у перакладах. Франкфурт зрабіўся сёлета трэцяй вялікай выставай пасля Ляйпцыга і Варшавы, у якой браў удзел беларускі стэнд.
У Франкфурце падчас выставы адбыліся прэзентацыі Змітра Вішнёва і Віктара Марціновіча, а таксама панельная дыскусія пра стан беларускай кнігі з удзелам кіраўнікоў выдавецтва “Логвінаў” і “Галіяфы”. На беларускім стэндзе былі таксама прадстаўлены шырокай публіцы навінкі: нямецкая версія рамана Віктара Марціновіча “Параноя” (перакладчык Томас Вайлер) і класічная аповесць “Дзве душы” Максіма Гарэцкага. Перакладчык аповесці – легендарны Норберт Рандаў, прадмову да аповесці напісаў вядомы аўстрыйскі пісьменнік Марцін Полак.